Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўніцтва Маладога Фронту лічыць, што Міністэрства юстыцыі Беларусі груба парушае заканадаўства, больш за два месяцы не даючы аніякага адказу на іхную просьбу ў рэгістрацыі. Пераканаўшыся, што чакаць далей няма сэнсу, маладафронтаўцы падалі скаргу ў Генэральную пракуратуру.

Рашэньне пра накіраваньне гэтае скаргі на імя Алега Бажэлкі прыняла Цэнтральная рада Маладога Фронту на сваім паседжаньні ў мінулую нядзелю. Справа ў тым, што менавіта 16 ліпеня мінула роўна два месяцы, як Малады Фронт падаў у Міністэрства юстыцыі ўсе неабходныя дакумэнты для рэгістрацыі. Паводле закону, Міністэрства юстыцыі мусіла было на працягу месяца прыняць пэўнае рашэньне ў гэтай справе. Але афіцыйнага адказу чыноўнікі не даслалі дагэтуль. Не было аніякай рэакцыі і на зварот у Міністэрства юстыцыі кіраўніка групы АБСЭ Ганса-Георга Віка. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец бачыць прычыны такіх паводзінаў Міністэрства юстыцыі ў наступным:

(Севярынец: ) "У мяне такое ўражаньне, што ўлады апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Яны баяцца як зарэгістраваць найбуйнейшую ў Беларусі маладзёвую арганізацыю, якая пры ўмове легальнасьці дзейнічала б яшчэ больш маштабна, больш адкрыта і ўпарта; і не зарэгістраваць з другога боку, то бок забараніць: можа быць паўпадпольны Малпады Фронт яшчэ больш небясьпечны для ўладаў, чым дазволены. Таму зараз у такой дваістай сытуацыі яны вырашылі абраць мэтад адмоўчваньня".

– паведаміў спада Севярынец.

Учора маладафронтаўцы накіравалі скаргу ў Генэральную пракуратуру. Там скаргу прынялі ды абяцалі разабрацца. Разам з тым, сябры Маладога Фронту рыхтуюць пазоў супраць Міністэрства юстыцыі ў суд. Паводле словаў Паўла Севярынца, яны будуць дамагацца ад міністэрства кампэнсацыі маральных і матэрыяльных стратаў.

У чым жа прычына такіх паводзінаў чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі? Паводле словаў супрацоўніка ўправы рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў Аляксандра Харытона, аніякага парушэньня заканадаўства ці палітычна матываванае кампаніі супраць Маладога Фронту няма. Гэты чыноўнік сьцьвярджае, што ад міністэрства мала што залежыць, бо рэгістрацыйныя дакумэнты Маладога Фронту цяпер знаходзяцца на разглядзе ў гэтак званай "рэспубліканскай камісіі" пад кіраўніцтвам палкоўніка Замяталіна. Бяз санкцыі гэтага воргану Міністэрства юстыцыі ня можа прымаць рашэньня пра рэгістрацыю, а камісія, маўляў, зьбіраецца на свае паседжаньні надзвычай рэдка.

Такім чынам, рэгістраваць арганізацыі і партыі бяз санкцыі "зьверху" Міністэрства юстыцыі ня можа, затое можа выносіць ім папярэджаньні. Так, за апошнія тры дні гэтае ведамства вынесла два папярэджаньні АГП. На думку чыноўнікаў, эмблема на партыйным блянку не зусім адпавядае пячатцы. Маўляў, пячатка круглае формы, а сам сымбаль — авальнае. Чыноўнікі таксама палічылі адным зь няўлічаных элемэнтаў сымболікі адрэсу электроннае пошты АГП, зьмешчаны на блянку пад партыйнай эмблемаю. За гэткія, так бы мовіць, "парушэньні" партыя цяпер можа быць зьліквідаваная.

На думку лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, падобныя акцыі распачатыя ўладамі з мэтаю не дапусьціць удзелу апазыцыі ў будучых выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG