Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

22 лiпеня на Ўсясьветнай выставе EXPO-2000 ў Гановэры распачнецца Дзень Беларусi. Да гэтага часу плянавалася, што на афiцыйнай цырымонii адкрыцьця беларускай экспазыцыi будзе выступаць Аляксандар Лукашэнка. Беларускi амбасадар ў Нямеччыне Вiктар Скварцоў спрабаваў зарганiзаваць для яго на гэты дзень у Гановеры шэраг афiцыйных сустрэчаў. Але гэтыя высiлкi не далi плёну – у выніку на EXPO-2000 замест Лукашэнкi паедзе вiцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў.

Беларуская амбасада рабiла захады ў справе арганiзацыi афiцыйнае сустрэчы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Ляндтагу – парлямэнту зямлi Нiжняя Саксонiя спадаром Вернштэдтам. Гэта было яшчэ перад яго вiзытам у Беларусь, якi, нагадаем, адбыўся зь 10 па 16 лiпеня.

Як нам стала вядома з крынiцаў, блiзкiх да прэзыдэнта Ляндтагу Нiжняе Саксонii, спадару Вернштэдту прапанавалi наступнае: у Менску яго афiцыйна прымае Лукашэнка, а за гэта ў Гановэры адбудзецца афiцыйная сустрэча беларускага лідэра й Вернштэдта. Але прэзыдэнт Ляндтагу Нiжняе Саксонii не згадзiўся на такую прапанову. Ён падкрэсьлiў, што ягоны вiзыт у Беларусь мае неафiцыйны, гуманiтарны характар. А што тычыцца Гановэру, дык спадар Вернштэдт спаслаўся на тое, што 22 лiпеня ён паабяцаў ужо наведаць опэру, прэм'еру «Фауста».

Дарэчы, пра ягоны вiзыт у Беларусь. Спадар Вернштэдт наведаў дзiцячыя больнiцы ў Менску, Магiлеве, Рачагове, Краснапольлi, Чачэрску, Гомлi, Брагiне, Мазыры, Ельску й Чэрвенi. Ён таксама меў шэраг сутрэчаў у нямецкай амбасадзе, Менскiм мiжнародным адукацыйным цэнтры, фондзе «Дзецям Чарнобылю», заяжджаў у беларуска-нямецкi цэнтар «Надзея» ў Вiлейцы, а таксама завiтаў да кiраўнiка дэпартамэнту гуманiтарнае дапамогі Вiктара Кучынскага.

Такiм чынам, Лукашэнка ня змог бы мець афiцыйныя сутрэчы пад час Дня Беларусi на EXPO-2000. Мабыць, таму й было вырашана, што ён проста не паедзе ў Гановэр на адкрыцьцё экспазыцыi. Замест яго гэта зробiць вiцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў, якi й будзе ўзначальваць беларускую дэлегацыю. Разам зь iм на EXPO паедзе яшчэ сем-восем чыноўнікаў. Як паведамiлi ў прэс-службе Мiнiстэрства замежных справаў Беларусi, склад удзельнiкаў яшчэ ўдакладняцца.

Што да беларускай экспазыцыі, дык найбольш цiкавым яе элемэнтам будзе Бiблiя Скарыны 1517 году. Але гэта зь мiнуўшчыны. А з дня сёньняшняга Беларусь прапануе ня так ужо й шмат – сувэнiры з саломы ды льну, а таксама адмыслова падрыхтаваны праект дваццатага стагодзьдзя «Яйкi», зроблены Цэсьлерам i Бойчанкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG