Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 15 ліпеня)
Навіны культуры мінулага тыдня.

У Магілеве ўжо восьмы раз прайшоў фэстываль духоўнай і хрысьціянскай музыкі "Магутны Божа". У імпрэзе бралі ўдзел царкоўныя, прафэсійныя і самадзейныя хары зь Беларусі, Расеі, Польшчы, Італіі, Украіны й Румыніі. Усе канцэрты праходзілі з аншлягам. Тым ня менш, не зважаючы на вялікую цікаўнасьць да фэстывалю на радзіме й за мяжою, Міністэрства культуры й Магілеўскі абласны выканкам чарговы раз адмовіліся падтрымаць яго – пад ціскам пануючае праваслаўнае царквы, якая да экумэнічнага руху ставіцца зь насьцярогаю.

Праваабаронца Ніна Стужынская і лепшы знаўца менскае даўніны гісторык Захар Шыбека наладзілі для студэнтаў гістфаку БДУ экскурсію па мясьцінах, зьнітаваных зь дзейнасьцю антысавецкае падпольнае арганізацыі "Зялёны дуб", у справе якога ў 21-м годзе былі асуджаныя 34 чалавекі, і чатыры зь іх былі расстраляныя. Адзіны будынак, які захаваўся з таго часу без значных перабудоваў – гэта гарадзкая турма. Экскурсію здымаў тэлерэжысэр Уладзімер Серафімовіч, які на замову Беларускае Лігі Жанчынаў стварае фільм пра "Зялёны дуб" ды іншыя антысавецкія арганізацыі 20-х гадоў. Прэм'ера стужкі адбудзецца ў сьнежні.

У Баўгарыі выйшла ў сьвет Анталёгія беларускае паэзіі. Тэксты й паралельны пераклад 59-ці беларускіх аўтараў ахопліваюць усю гісторыю нашае паэзіі ад Кірылы Тураўскага да авангардыста Зьміцера Вішнёва. Фаліянт у 700 старонак аздабляюць графічныя творы сямі беларускіх мастакоў. Анталёгія выдадзеная на спонсарскія сродкі прыватных асобаў і фірмаў.

Вёска Лявонпаль Мёрскага раёну адсьвяткавала тысячагодзьдзе свайго заснаваньня. Паважны век гэтага паселішча здолеў давесьці вядомы паэт і краязнаўца Сяргей Панізьнік. Зь ягонае ініцыятывы ў Лявонпалі быў асьвечаны крыж у гонар юбілею вёскі, а ў адрэстаўраванай частцы маёнтку XVIII стагодзьдзя – колішняй рэзыдэнцыі графаў Лапацінскіх – адчыніўся музэй этнаграфіі і вясковай культуры.

У Дрэздэне праходзіць міжнародная мастацкая выстава пад назваю "Радыёстанцыя", прысьвечаная ўзаемным стасункам мастацтва й сродкаў камунікацыі. Беларускую частку экспазыцыі ўвасабляе твор маладога мастака Андрэя Савіча "Камунікацыйная машына" – мадэль фрагмэнту савецкага "сарціра", абсталяванага пэрыскопам, каб хлопцы й дзяўчаты маглі без праблемаў падглядаць адно за адным. Журы прызнала твор Савіча адным з найбольш цікавых.

У Дзяржаўным музычным тэатры адбылася прэм'ера мюзыклу "Пунсовыя ветразі". Твор напісаны кампазытарам Валер'ем Івановым на лібрэта Алены Туравай, а пастаўлены рэжысэрам Барысам Лагодам. Міністэрства культуры адмовілася фінансаваць пастаноўку, але ў праекта знайшліся прыватныя спонсары, бо ў спэктаклі бяруць удзел зоркі беларускай эстрады Іна Афанасьева і Валеры Дайнэка.

У Старых Дарогах пачаўся конкурс народных майстроў Менскае вобласьці "Матчыны кросны". Два дзясяткі майстроў і майстрых спаборнічаюць у розных жанрах традыцыйных рамёстваў, у тым ліку – у тканьні знакамітых слуцкіх паясоў.

Аб'яднаньне дзяржаўных кнігарняў "Белкніга" адмовілася браць у продаж новы нумар часопіса "ARCHE", прысьвечаны беларускім габрэям. Паводле словаў намесьніцы кіраўніка "Белкнігі" Аксаны Сьліжавай, вокладку часопіса аздабляе надта аголеная дзяўчына (дарэчы, дачка Глёбуса). На думку ж дырэктара "ARCHE" Андрэя Дынько, прычыны адмовы – чыста палітычныя: улады імкнуцца абмежаваць гандаль не залежнымі ад іх беларускамоўнымі выданьнямі. Можна таксама меркаваць, што ўладам не да спадобы ўмацаваньне беларуска-габрэйскіх культурных сувязяў. Набыць скандальны нумар можна ў прыватных распаўсюднікаў і ў недзяржаўных крамах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG