Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 15 ліпеня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Падзеі, якія адбываліся ў эканоміцы Беларусі на гэтым тыдні, характарызуюць яе глыбокую фінансавую дэфіцытнасьць, што змушае ўрад увесь час весьці змаганьне не з прычынамі крызысу, а толькі зь ягонымі наступствамі. Аб гэтым сьведчыць два ўрадавыя аўралы на адыходзячым тыдні. Першы быў выкліканы ростам запазычанасьці ў заробкавай плаце ў чэрвені аж на 30%, другі – ва ўрадзе забілі трывогу з нагоды росту запазычанасьці суб'ектаў гаспадараньня за энэргарэсурсы.

У першым выпадку формаю рэагаваньня было тэрміновае паседжаньне Нацыянальнае рады ў працоўных і сацыяльных пытаньнях, скліканае на ініцыятыву Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Бо запазычанасьць у выплаце заробкавай платы дасягнула амаль 23 млрд. рублёў. Гэта самая вялікая запазычанасьць за апошнія 3 гады.

А якое рашэньне прынятае? Фармальнае: ураду рэкамэндавана забясьпечыць апэратыўную і поўную рэалізацыю захадаў у аздараўленьні фінансавага стану юрыдычных асобаў ды індывідуальных прадпрымальнікаў, а мясцовым выканаўчым ворганам – даручана зрабіць тэрміновыя захады ў пагашэньні запазычанасьці ў заробках і выплаце адпускных працаўнікам бюджэтнае сфэры. І ўсе захады. Звычайна плёну яны не даюць.

Вялікі шум быў узьняты й на паседжаньні прэзыдыюма Савета міністраў, які адмыслова разгледзеў стан разьлікаў за энэрганосьбіты. Тут таксама вялікі правал. Намесьнік міністра эканомікі Найдуноў паведаміў, што ўнутраная запазычанасьць за газ на пачатак ліпеня перавысіла 205 млн. даляраў, а за электрычную і цеплавую энэргію – амаль 102 млн. даляраў.

Аднак, як адзначалася на ўрадавым паседжаньні, унутраныя неплацяжы непазьбежна адбіваюцца на аплаце імпартуемых прыроднага газу ды электраэнэргіі. Паводле дадзеных Міністэрства эканомікі, на пачатак ліпеня замежная запазычанасьць за газ узрасла да 273 млн. даляраў, а за электраэнэргію – да 97 млн. даляраў.

Сытуацыя сур'ёзная. Тым болей, што надышоў час назапашваць паліва на зіму, а пастаўшчыкі з-за неплацяжоў могуць адмовіць у пастаўках паліва.

Крызысная сытуацыя з пастаўкамі паліва можа застацца й надалей, бо робяцца не эканамічныя захады ў рэфармаваньні эканомікі, а чыста адміністрацыйныя крокі змаганьня з наступствамі крызысу. Урад лічыць, што дастаткова падвысіць плацёжную дысцыпліну прадпрыемстваў і арганізацыяў-даўжнікоў сыстэмы Мінсельгасхарчу, Мінжылкамунгасу, Мінбудархітэктуры ды іншых галінаў. А кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Міхал Мясьніковіч лічыць, што для вырашэньня праблемы трэба падвысіць пэрсанальную адказнасьць кіраўнікоў ды палепшыць узаемаразьлікі.

Такіх захадаў не бракавала й раней. Але плёну яны не далі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG