Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Салігорск

Сёньня ў Салігорску мясцовыя прыватныя прадпрымальнікі правялі аднадзённы папераджальны страйк. Страйк быў праведзены на знак пратэсту супраць уціску на іх з боку падатковых ды іншых сілавых структураў гораду.

Сёньня раніцай салігорцы, якія завіталі на самы буйны ў горадзе рынак "Старавакзальны", былі непрыемна ўражаныя аголенай гандлёвай плошчай. Як ім патлумачыў старшыня саюзу прадпрымальнікаўт ПНП Аляксандар Цыцура, больш за 200 ягоных калегаў страйкуюць. Пакуль што гэта аднадзённы страйк, але ж калі гарадзкая падатковая службы ды міліцыя і надалей будуць праводзіць свае бясконцыя праверкі і рэйды, то страйкі прадпрымальнікаў (цытую) "зробяцца не выключэньнем з правілаў, а пастаяннай зьявай гандлёвага жыцьця ў Салігорску".

Аляксандар Цыцура нагадаў пакупнікам, што гарадзкія ўлады даўно абяцалі спрасьціць сыстэму сэртыфікацыі тавараў, спыніць абвальныя рэвізіі гандляроў і не канфіскоўваць тавары. На жаль, зазначыў спадар Цыцура, салігорскія падаткоўцы і міліцыя парушаюць гэтыя вусныя дамоўленасьці, якія, дарэчы, былі дасягнутыя прадпрымальнікамі Меншчыны на абласной нарадзе ў міністэрстве ўнутраных справаў з ахоўнікамі парадку і прадстаўнікамі падатковых службаў.

Справа даходзіць да сьмешнага, кажа спадар Цыцура. Калі правяральшчыку падасца, што гандляр прыхоўвае ад пакупніка свой тавар, дык на яго накладаецца штраф – 20 мінімалак з наступнай канфіскацыяй прыхаванага, так бы мовіць, тавару. Стрымлівае прадпрымальніцтва і абмежаваньне гандлёвай плошчы камэрсанта. У салігорцаў яна не павінна перавышаць 25 квадратных мэтраў.

За дзень сёньняшняга страйку, паведаміў спадар Цыцура, гарадзкія ўлады згубілі ў эквіваленце некалькі тысячаў даляраў толькі ад недабору падаткаў з прадпрымальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG