Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 ліпеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Паводле апошніх сацыялягічных дадзеных, амаль 60% грамадзянаў Беларусі маюць намер узяць удзел у намечаных на восень парлямэнцкіх выбарах. Разам з гэтым бальшыня апытаных падтрымліваюць асноўныя патрабаваньні апазыцыі, зьвязаныя з гэтымі выбарамі.

У чэрвені 2000 года Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў разам з Цэнтрам сацыяльных і экалягічных дасьледваньняў правёў чарговае агульнанацыянальнае апытаньне грамадзкае думкі. Беларуская служба "Радыё Свабода" стала першым СМІ, якое паведамляе пра вынікі гэтага апытаньня.

Набліжэньне парлямэнцкіх выбараў прымушае палітыкаў і сацыёлягаў узмацніць інтарэс менавіта да гэтае праблематыкі. 59,7% апытаных заявілі, што маюць намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах сёлета ўвосень. 11% адказалі, што ня будуць удзельнічаць у выбарах, і амаль 17% адзначылі, што прымуць сваё рашэньне ў залежнасьці ад палітычнай абстаноўкі.

Варта адзначыць, што яшчэ ў красавіку, пад час папярэдняга апытаньня, пра намер удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах заяўлялі толькі 53%.

Як вядома, апазыцыйныя партыі схіляюцца да таго, каб ня браць удзел у гэтых выбарах, паколькі ўлада не выконвае асноўныя патрабаваньні апазыцыі. Сацыёлягі спыталі, як ставяцца жыхары краіны да гэтых патрабаваньняў, і атрымалі, як выглядае, даволі нечаканыя адказы.

62% падтрымліваюць прапанову ўнесьці такія зьмены ў Выбарчы кодэкс, якія забясьпечылі б правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў. "Спыніць перасьлед людзей, ня згодных зь цяперашнім палітычным курсам", – з гэтым згодныя 59%, "зьмяніць паўнамоцтвы парлямэнту, каб прымаемыя ім законы былі абавязковыя для выкананьня ўсімі ворганамі ўлады", – гэта падтрымліваюць 55,5%. І нарэшце, з патрабаваньнем прадаставіць доступ апазыцыі да дзяржаўных СМІ згодныя 44% (супраць гэтага, дарэчы, выступае ў два разы менш, астатнія – ня вызначыліся).

Аднак негледзячы на такую надзвычай шырокую падтрымку патрабаваньняў апазыцыі, рэйтынг палітычных партыяў застаецца мізэрным, што называецца, "у межах статыстычнае памылкі". Вось ужо некалькі гадоў у падобных апытаньнях на першым месцы фігуруе загадкавая Жаночая партыя "Надзея" – у чэрвені за ейных кандыдатаў гатовыя былі аддаць свае галасы 6,8% выбаршчыкаў. Астатнія партыі не набралі і трох адсоткаў, якія і складаюць тую самую "мяжу статыстычнае памылкі".

Але, відавочна, самая паказальная лічба тут наступная: 73% ня далі адказу, за кандыдатаў ад якое партыі яны гатовыя прагаласаваць. Паўтаруся – 73 адсоткі.

Парадаксальнасьць карціны электаральных настрояў дапаўняюць і адказы на пытаньне: "Якім кандыдатам вы аддалі б перавагу на парлямэнцкіх выбарах?" За кандыдатаў – паплечнікаў Лукашэнкі – сёньня прагаласавала б 38%. Адразу скажу, што гэтая лічба дакладна супадае зь цяперашнім рэйтынгам Лукашэнкі. За кандыдата ад апазыцыі на парлямэнцкіх выбарах сёньня аддалі б галасы толькі 6% выбаршчыкаў, а за незалежных кандыдатаў – 37%.

Слабы аўтарытэт любых партыяў ускосна пацьвярджаецца і нізкай ацэнкаю рэспандэнтамі прапарцыйнае выбарчае сыстэмы. За ўвядзеньне галасаваньня паводле партыйных сьпісаў выказалася толькі 17%.

Такім чынам, сацыялягічныя дадзеныя паказваюць, што патрабаваньні апазыцыі знаходзяць шырокую падтрымку ў грамадзтве, але канкрэтныя апазыцыйныя партыі і кандыдаты не выклікаюць істотнага даверу. Увогуле ж, аналізуючы гэтыя лічбы, не пакідае ўражаньне, што беларуская масавая сьвядомасьць на сёньняшні дзень уяўляе зь сябе заблытаны клубок супярэчнасьцяў і парадоксаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG