Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Распачаўся візыт у Беларусь генэральнага сакратара Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Біла Джордана.

Лідэр Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Біл Джордан прыехаў у Менск, каб пазнаёміцца са становішчам беларускіх прафсаюзаў. Беларускія ўлады дапускалі неаднаразовыя грубыя парушэньні прафсаюзных правоў. Прычым, гэта датычыць як дэмакратычных, гэтак і афіцыйных прафсаюзаў.

Сёньняшняя частка двухдзённага візыту спадара Джордана якраз і прадугледжвала сустрэчы з кіраўнікамі гэтых прафсаюзных цэнтраў Беларусі. Вось што паведаміла нашаму радыё сакратар выканаўчага камітэту Фэдэрацыі прафсаюзаў Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) " У Беларусі парушаюцца дзьве канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, бо ў свой час міністэрства юстыцыі забараніла рэгістрацыю Асацыяцыі незалежных прафсаюзаў. Акрамя таго, парушаюцца таксама правы прафсаюзаў і працоўных пад час выбарчай кампаніі, якая ідзе цяпер у прафсаюзах. Сутнасьць гэтых парушэньняў у тым, што мы бачым простае ўмяшальніцтва ў справы нашай арганізацыі. Гэта і інструкцыі, і пісьмы, гэта і націск. На днях пройдзе зьезд аграпрамысловага комплексу, дзе вельмі вялікі ціск ідзе на прафсаюзны актыў на месцах, інструктаж праходзіць. Мы лічым, што прафсаюзы ў нашай краіне павінны дзейнічаць згодна міжнародным дакумэнтам, да якіх далучылася Белаурсь", – зазначыла сакратар Фэдэрацыі прафсаюзаў Валянціна Палевікова.

Яшчэ большыя складанасьці ва ўзаемадачыненьнях з уладамі маюць сябры Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) "Менавіта спадару Джордану Свабодны прафсаюз Беларускі ўручыць скаргі, што датычацца звольненых людзей, нашых калегаў на Магілеўскім аўтазводзе, і гэта датычыцца спадара Яўменава, які звольнены са шклозавода "Октябрь".

(Карэспандэнт: ) "Ці маюцца сёньня ў Беларусі выпадкі дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасьці?"

(Быкаў: ) "Каб такога не было, дык сюды не прыяжджаў бы Джордан, і прафсаюзы не зьвярталіся б па дадатковую дапамогу да Міжнароднай арганізацыі працы. Такіх парушэньняў безьліч. Цікавы момант быў бы ў нас на прадпрыемстве "Швейнік" у горадзе Барысаў, дзе дырэктар "узяў пад казырок" і пачаў праводзіць у жыцьцё кантрактную сыстэму і выдаў загад, што заключаць калектыўныя дамовы з інжынэрна-тэхнічнымі працаўнікамі, п'яніцамі, прагульшчыкамі і нячленамі дзяржаўнага прафсаюза, маючы на ўвазе, што гэта сябры Свабоднага прафсаюза", – паведаміў старшыня Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў.

Мяркуецца, што заўтра генэральны сакратар Міжнароднае канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Біл Джордан сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG