(эфір 8 ліпеня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. Адной з галоўных падзеяў на адыходзячым тыдні стала пазбаўленьне Беларусі права бязмытнага ўвозу тавараў на амэрыканскі рынак. Такое рашэньне прыняў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан. Як успрынятае гэтае рашэньне ў Беларусі? Рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі была нэрвовай. Выступаючы 5 ліпеня ў Віцебску, ён дапускаў нават зьнявагі на адрэсу Біла Клінтана і сьцьвярджаў, што з-за нязначнага аб'ёму таваразвароту з Амэрыкаю Беларусь лёгка кампэнсуе страты ад пазбаўленьня рэжыму найбольшага спрыяньня. Гэтыя захады з боку Злучаных Штатаў былі змушаныя. Амэрыканскія прафсаюзы яшчэ ў 1997 годзе накіравалі ва ўрад ЗША пратэст з патрабаваньнем пазбавіць Беларусь права на ільготы з-за парушэньняў правоў рабочых. Для вывучэньня праблемы была створаная адмысловая ўрадавая камісія, якая пацьвердзіла, што "урад Беларусі працягвае абмяжоўваць правы прафсаюзаў і перасьледуе прафсаюзных лідэраў, што ў Беларусі забараняюцца незалежныя прафсаюзы". Беларусь пацерпіць з-за санкцыяў значныя страты. З канца мінулага году і асабліва сёлета амэрыканска-беларускія гандлёвыя стасункі пачалі набіраць высокія тэмпы. З пачатку 2000 году таваразварот паміж ЗША і Беларусью ўзрос болей як на 50%, і ЗША пачалі ўваходзіць у лік асноўных гандлёвых партнэраў Беларусі пасьля Расеі, Украіны, Нямеччыны й Польшчы, пераўзыйшоўшы ў гэтым сьпісе Францыю, Вялікую Брытанію ды Італію. Зьявілася надзея, што эканамічныя стасункі з Амэрыкаю стануць вызначальнымі для разьвіцьця Беларусі. І раптам – такая падзея. І гэта ва ўмовах адмоўнага сальда ў замежным гандлі, якое за першыя 5 месяцаў года перавысіла 500 млн. даляраў. І яшчэ адна акалічнасьць. Рашэньне прэзыдэнта Біла Клінтана як раз супала з тым момантам, калі ў Беларусі працягвае абвастрацца фінансавы крызыс: на многія мільярды не выконваецца прыбытковая частка бюджэту; няма грошай на фінансаваньне жніва і вось-вось будзе ўключаны друкарскі варштат для эмісіі грошай; запазычанасьць у заробках працягвае расьці й перавысіла 17 млрд. рублёў. Нарэшце, настаў час летняга адпачынку, а грошай на адпускныя бракуе. Страты ў гэтых умовах ад скасаваньня гандлёвых ільготаў на амэрыканскім рынку дужа непажаданыя. Тым болей, што прыклад ЗША могуць пераняць іншыя краіны.