Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сябры Аб'яднанае Грамадзянскае партыі лічаць, што суд Маскоўскага раёну знарок зацягнуў выдачу копіі судовага рашэньня, адпаведна якому ўдзельнікі пікету супраць дзеяньняў Менскага гарадзкога выканкаму Ўладзімер Раманоўскі, Галіна Ганчарык і Людміла Бажок прызнаныя правапарушальнікамі адміністрацыйнага заканадаўства.

Намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Ўладзімер Раманоўскі, сябры Рады АГП Галіна Ганчарык і Людміла Бажок ня згодныя з прысудам, паводле якога іх пакаралі штрафамі й папярэджаньнем. Яны лічаць, што ўдзельнічалі ў санкцыянаваным пікеце і таму аніякага правапарушэньня зь іхнага боку не было.

Паводле заканадаўства, сябры АГП могуць падаць скаргу на працягу дзесяцідзённага тэрміну. Для гэтага ім патрэбна копія судовага рашэньня. Але на працягу дзесяці дзён у канцылярыі Маскоўскага суду ім адмаўляліся выдаць неабходныя паперы.

Сябры АГП накіравалі калектыўную скаргу ў Міністэрства юстыцыі, гарадзкую пракуратуру і на ймя старшыні Менскага гарадзкога суду.

Ля мікрафону Ўладзімер Раманоўскі:

"Мы лічым, што тут або разгільдзяйства, або наўмысная перашкода для нашай абароны паводле палітычных матываў, як, уласна кажучы, і сам прысуд. Мы наведалі сёньня старшыню Маскоўскага суду Савіча. Ён пры нас тэлефаніў сакратарам і паабяцаў, што а 14-й гадзіне рашэньне будзе ў нас у руках. Нас вельмі зьдзіўляе такая сытуацыя, пры якой толькі для таго, каб атрымаць нейкую паперу, трэба йсьці да старшыні суду. Суд ведае, што прэса сочыць за гэтым судовым працэсам і, нягледзячы на гэта, мы маем справу з такім беззаконьнем", – паведаміў Уладзімер Раманоўскі.

Толькі напрыканцы працоўнага дня Ўладзімер Раманоўскі атрымаў у судзе неабходныя паперы. Але калі ўлічыць, што наперадзе выхадныя дні, дык тэрмін падачы скаргі скончыўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG