Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 2000 г.


Сяргей Шупа, Вільня

На думку Нямеччыны і Францыі, Эўрапейскі Зьвяз, звыш цяперашніх кандыдатаў на ўступленьне ў гэтую арганізацыю, ня мусіць прымаць ніякія іншыя ўсходнеэўрапейскія краіны. Гэта вынікае з супольнага дасьледаваньня адмысловых штабоў плянаваньня пры міністэрствах замежных справаў абедзьвюх краінаў. Гэтай тэме прысьвяціў свой артыкул у нямецкай газэце Stuttgarter Zeitung Ганс Гаген Брэмэр.

Пасьля таго, як падчас свайго чэрвеньскага візыту ў Нямеччыну прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан выступіў за прыняцьце Расеі ў Эўрапейскі Зьвяз, Францыя і Нямеччына даводзяць сёньня, што сяброўства Масквы ў Эўразьвязе магло б, нібы якая бомба, падарваць гэтую арганізацыю знутры. А што да патэнцыяльнага далучэньня да ЭЗ Украіны і Беларусі, дык у апублікаванай у Парыжы справаздачы нават сама думка пра гэта адхіляецца як палітычна бессэнсоўная. Пашырэньне Эўразьвязу на абедзьве гэтыя дзяржавы паставіла б пад пагрозу палітычную працэдуру ў працэсе далучэньня. Неспакой аўтараў справаздачы выкліканы тым, што падчас адной канфэрэнцыі з прадстаўнікамі ўсходнеэўрапейскіх дзяржаваў камісар Эўразьвязу немец Гюнтэр Фэргойген зрабіў кароткую заяву ў тым сэнсе, што для Ўкраіны дзьверы ў ЭЗ застаюцца адчыненыя.

Згаданая справаздача — гэта частка супольнага даследаваньня на тэму «Эўропа з трыццацьцю і больш краінамі», якое на замову міністраў Юбэра Вэдрына і Ёшкі Фішэра праводзяць Штаб плянаваньня пры МЗС Нямеччыны і французкі Цэнтар Аналізу і Прагнозаў. Апрача пытаньня пра межы будучай Эўропы ў ім разглядаюцца таксама праблемы формы і зьместу эўрапейскіх інстытуцыяў, іх дэмакратычнай легітымнасьці, супольнай зьнешняй і абароннай палітыкі, а таксама роля франка-нямецкага супрацоўніцтва. Дасьледаваньне ня лічыцца афіцыйнай пазыцыяй міністраў. Выказаныя ў ім погляды, якія паводле аўтараў супадаюць да апошняй коскі, маюць аднак вялікую палітычную вагу як вынік супольных развагаў спэцыялістаў найвышэйшай клясы.

Калі ў выпадку Расеі і Беларусі пытаньне аб уступленьні дагэтуль сур'ёзна і ня ставілася, дык ва Ўкраіне ёсьць сур'ёзныя сілы, арыентаваныя на Захад, гаворыцца ў справаздачы. Дзеля таго, што Расея ніяк ня можа быць прынятая, Эўразьвяз ні ў якім разе ня мусіць спрабаваць прывязаць да сябе Украіну і Беларусь і тым самым выклікаць у Расеі пачуцьцё ізаляцыі. Замест гэтага ЭЗ мусіць распачаць з гэтымі краінамі канкрэтнае супрацоўніцтва.

Дарэчы, напрыканцы артыкула аўтар заўважае, што падчас сустрэчы ў аўторак у Брусэлі з камісарам у справе пашырэньня Эўразьвязу Фэргойенам, расейскі віцэ-міністар замежных справаў Сяргееў заявіў, што далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу не было б у інтарэсах Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG