Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі аргкамітэту Ўсебеларускага зьезду за незалежнасьць станоўча ацэньваюць ход падрыхтоўкі да гэтага форуму, але лічаць, што ўлады наўмысна не вырашаюць пытаньне памяшканьня для зьезду.

Прадстаўнікі аргкамітэту зьезду лічаць вялікім посьпехам тое, што знойдзенае паразуменьне з лідэрамі асноўных апазыцыйных партыяў адносна даты форуму. Кіраўніцтва Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў, куды ўваходзіць БНФ Вячоркі, АГП і "Народная Грамада", пагадзілася, што Ўсебеларускі зьезд за незалежнасьць пачнецца 29 ліпеня. Гаворыць сустаршыня аргкамітэту зьезду, акадэмік Радзім Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) "Мы знайшлі кансенсус разам з нашымі галоўнымі партыямі. Мы ўжо маем прадстаўнікоў 900 чалавек, і думаю, што ўсё будзе нармалёва".

Паведаміў спадар Гарэцкі.

Нагадаю, што раней апазыцыйныя палітыкі настойвалі на правядзеньні зьезду ўвосень, бо лічылі, што да канца ліпеня проста немагчыма правесьці паўнавартасную працэдуру вылучэньня дэлегатаў і ўвогуле нармальна падрыхтаваць гэтае мерапрыемства. Цяпер сытуацыя зьмянілася.

Паводле словаў прадстаўнікоў рабочай групы па падрыхтоўцы да Ўсебеларускага зьезду, вылучэньне дэлегатаў актыўна ідзе амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Выключэньне складаюць некалькі раёнаў краіны й сталіца, дзе дэлегатаў абрана недастаткова. Тым ня менш, сябры рабочай групы гавораць, што да пачатку работы зьезду дэлегаты ад гэтых раёнаў і ад Менску будуць абраныя.

Дэлегаты на Ўсебеларускі зьезд вылучаюцца некалькімі спосабамі: на сходах жыхароў, шляхам збору подпісаў, ад палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў і грамадзкіх арганізацыяў. Напрыклад, сябры рабочай групы ў Віцебску актыўна абходзяць жылыя кварталы гораду і зьбіраюць подпісы жыхароў за вылучэньне дэлегатаў на зьезд.

Усебеларускі зьезд пройдзе ў адзін дзень, і галоўнай задачай форуму стане прыняцьцё адмысловага Акту незалежнасьці Беларусі. Праўда Радзім Гарэцкі і ягоныя калегі не выключаюць, што ўвосень зьявіцца неабходнасьць у правядзеньні другой сэсіі зьезду.

Істотнай праблемай для арганізатараў зьяўляецца пошук памяшканьня для правядзеньня зьезду. На мінулым тыдні аргкамітэт падаў у Менскі гарвыканкам заяўку на арэнду залі палацу культуры " Сукно" дзе нядаўна праходзіў Кангрэс дэмакратычных сілаў, але адказу ад уладаў да гэтага часу няма, хаця паводле заканадаўства рашэньне аб прадастаўленьні памяшканьня павінна быць прынятае не пазьней чым за пяць дзён да пачатку зьезду.

Сябры аргкамітэту не выключаюць, што ўлады будуць да апошняга зацягваць з прыняцьцём гэтага рашэньня. Арганізатары гавораць, што гарадзкія чыноўнікі хутчэй за ўсё чакаюць, якая каманда паступіць з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Тым часам памочнік намесьніка старшыні гарвыканкаму Віктара Чыкіна Анатоль Астахаў сьцьвярджае, што ніякага адмысловага дазволу ўладаў на арэнду памяшканьня не патрэбна, маўляў арганізатары павінны самі дамаўляцца з адміністрацыяй палацу культуры. Але, паводле словаў сп.Астахава, калі арганізатары зьвярнуліся з просьбай у гарвыканкам, ім дапамогуць вырашыць гэтае пытаньне, толькі пазьней, бо цяпер усе чыноўнікі надзвычай занятыя іншымі справамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG