Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 ліпеня 2000 г.


Пастанову амэрыканскага ўраду аб скасаваньні ільготаў для імпарту з Беларусі камэнтуе менскі палітычны аглядальнік Валеры Карбалевіч.

(Карбалевіч: ) "Рашэньне прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Біла Клінтана – лягічны працяг той палітыкі, якая вызначаная ў рэзалюцыі Палаты Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Мы можам сказаць, што той імпульс, які быў атрыманы ад заканадаўчай улады, падхапіла выканаўчая ўлада. Мы можам згадаць, што і сустрэча ў Варшаве дзяржсакратара ЗША Олбрайт з лідэрамі апазыцыці, і сёньняшняе рашэньне – гэта лягічны працяг таго курсу, які быў зафіксаваны ў згаданай рэзалюцыі. І тое, што менавіта прафсаюзныя праблемы, парушэньне правоў прафсаюзаў сталі канкрэтным штуршком для прыняцьця гэтага рашэньня – на мой погляд, гэта важна.

Важна, што парушэньне менавіта прафсаюзных правоў зьяўляецца для амэрыканскай эліты падставовым. З другога боку, гэта такі абагульняючы падыход да парушэньняў правоў чалавека, што маюць месца ў Беларусі. Таму канкрэтная прычына – прафсаюзныя правы – тут, я думаю, не зьяўляецца галоўнай. Тут сукупны падыход амэрыканскай палітыкі.

Практычныя эканамічныя наступствы для Беларусі ад гэтага рашэньня ня вельмі вялікія, паколькі гандаль паміж нашымі краінамі ня вельмі вялікі, аб'ём тых тавараў, да якіх не стасуюцца ільготы, – толькі 26,7 млн. даляраў.

Я думаю, што тут больш важныя палітычныя наступствы. Трэба разгледзець гэтыя пытаньні і з боку розных падыходаў Злучаных Штатаў і эўрапейскіх краінаў у адносінах да Беларусі. Гэтыя разыходжаньні ёсьць, пазыцыя Злучаных Штатаў больш жорсткая, чым Эўропы. Пра гэта сьведчыць візыт на Беларусь прадстаўнікоў эўрапейскіх парлямэнцкіх структураў.

Я думаю, што гэтую пазыцыю трэба разглядаць і ў кантэксьце тых рашэньняў, якія былі прынятыя на Кангрэсе дэмакратычных сілаў аб няўдзеле апазыцыі ў парлямэнцкіх выбарах. Я думаю, гэта спроба паўплываць на рашэньне Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якая адбудзецца на днях".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG