Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У праўны вакуум патрапілі гэтымі днямі калгасы Беларусі. Дэ-факта яны нібыта і існуюць, а вось дэ-юрэ іх быць не павінна…

Паводле новага Грамадзянскага кодэксу, да 1 ліпеня прадпрыемствы калектыўнае формы ўласнасьці павінны былі перарэгістравацца ў структуры іншага тыпу. Прычым, Кодэкс ня робіць аніякіх выключэньняў. Інакш кажучы, калгасная сыстэма на сёньняшні дзень павінна спыніць існаваньне. А як на самой справе?

У Беларускім савеце калгасаў нашаму радыё паведамілі, што аграрныя колы зараз чакаюць адмысловага дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, які б адмяніў юрыдычнае скасаваньне калгасаў. Гаворыць намесьнік старшыні гэтай грамадзкай арганізацыі Валеры Яфімаў:

"Я ведаю, што праект такога дакумэнта знаходзіцца на ўзгадненьні. Але пакуль я яго ня бачыў. Праект распрацоўвалі ў Савеце міністраў, але мне нічога невядома пра ягонае падпісаньне. У тым варыянце, што я бачыў, запісана, што калгасы ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць да асобнага распараджэньня", – паведаміў Валеры Яфімаў.

Паводле ягоных словаў, юрыдычнае скасаваньне калгасаў мела шырокі розгалас у аграрных колах. Вяскоўцы падзяліліся на дзьве часткі: адныя былі за захаваньне калгасаў, другія – супраць.

У адпаведнасьці з патрабаваньнямі Грамадзянскага кодэксу ў Беларускім савеце калгасаў быў падрыхтаваны плян праўнае трансфармацыі калгаснае сыстэмы. На месцы калгасаў павінны былі ўзьнікнуць сельскагаспадарчыя каапэратывы. Маёмасьць калгасаў меркавалася падзяліць на паі. Апроч таго, згаданая трансфармацыя прадугледжвала адмову ад цяперашніх назоваў калгасаў, паколькі гэта таксама супярэчыць новым гаспадарчым правілам.

Рэха дыскусіяў дакацілася да Аляксандра Лукашэнкі, які даў вуснае ўказаньне спыніць спрэчкі ў гэтым пытаньні. На думку апазыцыйных аграрнікаў, дзеяньні Лукашэнкі цалкам адпавядаюць палітычнай каньюнктуры. Напярэдадні выбарчае кампаніі ён мяркуе захаваць свой вясковы электарат. Пры гэтым ігнаруецца ня толькі заканадаўства краіны, а й вострыя эканамічныя праблемы айчыннага АПК. Гаворыць лідэр неперарэгістраванае Беларускае Сялянскае партыі Яўген Лугін:

(Лугін: ) "Дзяржава хоча, каб усё было падпарадкаванае ёй… Называюць "калгасам", але фактычна дыктуюць яму сваю волю, калі ж справа даходзіць да заробку – тут дзяржаўныя чыноўнікі кажуць: "Дазвольце, які заробак? Вы ж каапэратыў, як вы спрацавалі, тое і атрымайце. Вось такая, прабачце, "езуіцкая" палітыка праводзіцца. Вось стаўленьне дзяржавы да сельскае гаспадаркі. І таму ў сельскай гаспадарцы заробкі самыя нізкія, прычым стабільна, усе гады кіраваньня Лукашэнкі".

(Карэспандэнт: ) "А якія шляхі адраджэньня беларускае вёскі?"

(Лугін: ) "Пачынаць трэба з таго, што даць сельскагаспадарчым вытворцам поўную эканамічную свабоду. І хай яны вырабляюць тое, што яны лічаць неабходным, хай яны прадаюць сваю прадукцыю па той цане, якую дае рынак. Прычым, яны павінны мець права прадаваць сваю прадукцыю дзе хочуць, у тым ліку й за мяжою. Трэба правесьці рэфармаваньне калгасаў і саўгасаў такім чынам, каб яны ператварыліся ў каапэратывы ці ў асацыяцыі фэрмэрскіх гаспадарак…

Але сутнасьць усёй гэтай рэформы заключаная ў тым, што зямлі патрэбен гаспадар. Гэта – нашая галоўная ідэя. І пакуль гэтая ідэя ня будзе ажыцьцёўлена, аніякія рэформы анічога ня зробяць", – мяркуе старшыня неперарэгістраванае Беларускае Сялянскае партыі Яўген Лугін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG