Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 чэрвеня 2000 г.


Алесь Горбач, Баранавічы

У калгасе імя Мічурына Баранавіцкага раёну сёлета калгасьнікі адмовіліся палоць надзеленыя часткі буракоў. "Няма дурняў працаваць задарма," – кажуць яны. Аднак буракі, пасеяныя ўздоўж Алімпійскай шашы, кідаюцца ў вочы мінакам…

Да гэтага часу беларускія ўлады не прапускалі выпадку, што ў нас, у адрозьненьне ад суседзяў, няма закінутых, зарослых бур'яном палеткаў. На табе, дачакаліся.

Сёньня любы, хто праязджае па адной з галоўных магістраляў Беларусі, можа назіраць каля Баранавічаў некалькі дзесяткаў гектараў бур'яну не ніжэй як у калена. Ліквідаваць сытуацыю раённае начальства ўзялося ня дужа замыславатым спосабам: узяць цапкі ў рукі загадалі служачым упраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня райвыканкаму.

Выручылі таксама і грамадзяне Ўкраіны, якія прыехалі ў Беларусь у пошуках працы. Дарэчы, украінцы працуюць у многіх гаспадарках раёну, бо катастрафічна не хапае ўласных працоўных рук.

Ня кажучы пра тое, што большасьць вяскоўцаў – пэнсіянэры, дык апошнім часам зачасьціліся выпадкі нявыхаду на працу калгасьнікаў. Прычына вядомая: заробкі мізэрныя, ды й тыя затрымліваюцца, як правіла, на некалькі месяцаў. Да таго ж і баяцца няма чаго: прыедзе брыгадзір ці старшыня і самі папросяць, бо працаваць жа няма каму.

Асабліва дапякае ўсіх так званая сенавая ліхаманка. Яшчэ сьнег з палёў не сышоў, а ўлады ўжо былі ўзяліся за нарыхтоўку кармоў, а дакладней, абавязалі ўсе прадпрыемствы і ўстановы гораду нарыхтаваць за лета сена для калгасаў. З разьлікам 400 кіляграмаў на аднаго працаўніка.

На нарыхтоўку сена выганяюць літаральна ўсіх: рабочых заводаў, настаўнікаў, доктараў, служачых гарвыканкаму. А на некаторых прадпрыемствах зь людзей прымусова вылічваюць пэўную частку заробку на сена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG