Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 чэрвеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня – першы дзень візыту ў Беларусь чарговае місіі Міжнароднага валютнага фонду. Экспэрты МВФ сустрэліся са старшынём Нацыянальнага банку Пятром Пракаповічам. Магчымасьць аднаўленьня фінансаваньня з боку фонду нават не абмяркоўваецца. Пра мэты візыту місіі распавядае прадстаўнік МВФ у Летуве й Беларусі Марк Хортан.

(Карэспандэнтка: ) "Якія мэты гэтага візыту місіі ў Беларусь?"

(Хортан: ) "Гэтая штогадовая місія ў адпаведнасьці з чацьвертым артыкулам пагадненьня МВФ. У кожнай краіне-ўдзельніцы МВФ праводзяцца такія агляды эканамічнае палітыкі. Сабраная місіяй інфармацыя будзе прадстаўленая на адмысловым паседжаньні Рады дырэктароў МВФ, якое будзе прысьвечана Беларусі.

Найперш экспэртаў фонду цікавяць захады Нацыянальнага банку і ўраду Беларусі дзеля лібэралізацыі валютнага рынку і ўніфікацыі валютных курсаў. Другое пытаньне – манетарная ды фіскальная палітыка. Яна, паводле меркаваньня спэцыялістаў фонду, апошнія гады не была такой жорсткаю, як неабходна. У выніку мае месца высокая інфляцыя. У Беларусі робіцца эмісія, каб кампэнсаваць дэфіцыт бюджэту, каб падтрымаць банкаўскі сэктар. Потым гэтыя грошы йдуць з банкаўскага сэктару ў сельскую гаспадарку й на жыльлёвае будаўніцтва. Мы хочам абмеркаваць, ці магчыма зьмяніць такую палітыку, каб паменшыць інфляцыю.

Да таго ж місія зьверне ўвагу на тое, як адбываюцца структурныя пераўтварэньні. У прыватнасьці, цікавяць энэргетычны і аграрны сэктары. У МВФ па-ранейшаму няма ўпэўненасьці, што беларускія ўлады прымаюць захады ў такіх сфэрах, як лібэралізацыя цэнаўтварэньня, ізноў жа ў сельскагаспадарчым сэктары, дзе няма магчымасьці працаваць малым і сярэднім прадпрыемствам.

З ключавых момантаў фонд яшчэ цікавіць саюзная дамова з Расеяй. Гэты дакумэнт можа значна паўплываць на беларускую эканоміку ў недалёкай пэрспэктыве".

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Хортан, як прайшла вашая першая сустрэча ў Менску – са старшынём Нацыянальнага банку Пракаповічам?"

(Хортан: ) "Прадстаўнікі з Вашынгтону выказалі пазыцыю адносна палітыкі Нацыянальнага банку, пра якую я вам паведаміў. У свой час Пятро Пракаповіч выказаў спадзяваньне, што, паводле аднаго з варыянтаў, уніфікацыя валютнага курсу адбудзецца да канца трэцяга кварталу. Але ж ёсьць ва ўрадзе і іншае меркаваньне, згодна зь якім уніфікацыя можа быць адкладзеная.

Згодна з пазыцыяй місіі, уніфікацыя павінна адбыцца так хутка, як гэта магчыма. Ня выключана, што спатрэбіцца рэвізія бюджэту на сёлета. Магчымы перагляд манетарнай і крэдытнай палітыкі ўжо ў 2000 годзе".

(Карэспандэнтка: ) "Спадар Хортан, як Вы лічыце, ці ёсьць у Беларусі магчымасьць распрацаваць новую праграму супольна з МВФ, якая дазволіла б атрымаць крэдытаваньне ў хуткім часе?"

(Хортан: ) "Ну, магчымасьць, вядома, ёсьць. Але ж на практыцы… Летась у кастрычніку фонд прапанаваў беларускаму боку мінімальныя ўмовы для атрыманьня крэдытаваньня. Гутарка йшла пра памяншэньне грашовае масы, карэктаваньне бюджетнае палітыкі, прыватызацыю, лібэралізацыю цэнаў, іншыя рэформы. Беларускі бок, можна сказаць, робіць нейкія рухі ў шэрагу гэтых пазыцыяў. З другога боку, гэты рух ня быў такім сур'ёзным. Фонд зрабіў шэраг рэкамэндацыяў, якія не заўсёды выконваліся.

Мы лепей пачакаем, пакуль ня стане відавочным, што адбываюцца сталыя зьмены ў эканамічнай палітыцы, што ўрад мае комлексную стратэгію. Сёньня такога прагрэсу, які мог бы забясьпечыць базу для крэдытаваньня, няма".

Гэта быў прадстаўнік міжнароднага валютнага фонду Марк Хортан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG