Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 чэрвеня 2000 г.


Юры Дракахруст

Сёньня ў Маскве пройдзе паседжаньне прэм'ераў краінаў – удзельніц СНД. У сераду ў сталіцы Расеі адбудзецца саміт кіраўнікоў дзяржаваў Судружнасьці. Учора Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што чакае ад саміту вырашэньня адзінага пытаньня – стварэньня зоны свабоднага гандлю. Ён заявіў, што калі зона ня будзе створаная, Судружнасьць нікому ня будзе патрэбная…

Магчыма, робячы падобныя заявы, беларускі лідэр кіруецца прымаўкаю пра тое, што талакою зручней і бацьку біць.
Некалькі тыдняў таму ў Менску Лукашэнка і Назарбаеў, пры падтрымцы прэзыдэнтаў Кыргізстану і Таджыкістану, ужо спрабавалі ўгаварыць Уладзіміра Пуціна запаліць "зялёнае сьвятло" стварэньню зоны свабоднага гандлю.

Угаворвалі упарта, але безвынікова. Магчыма, зараз кіраўнік Беларусі спадзяецца на тое, што заўтра сумесны ціск 11 кіраўнікоў краінаў СНД на расейскага лідэра будзе больш плёным. Зона свабоднага гандлю – рэч сапраўды карысная. Сутнасьць яе палягае ў тым, што краіны, што ўваходзяць у гэтую зону, не спаганяюць адна з адной мытаў пры гандлі таварамі, якія вырабленыя імі самімі.

А з трэцімі краінамі гандлююць як заўгодна. У адрозьненьне ад мытнага саюзу, зона свабоднага гандлю не прадугледжвае уніфікацыі ставак мытаў. Па-просту кажучы, вырабіў нешта ў Беларусі – вязі, скажам, у Расею без усялякіх мытаў. Хочаш увезьці ў Расею тавар праз Беларусь, прыкладам, зь Нямеччыны, плаці мыты - і беларускую і расейскую.

Паколькі памеры ўзаемнага гандлю краінаў СНД паміж сабою даволі значныя, стварэньне зоны свабоднага гандлю на самой справе шмат што спрасьціла б. Расея на гэта згодная з адным істотным выняткам. Ільвіная частка расейскага экспарту ў краіны СНД – гэта энэрганосьбіты: газ і нафта. Ва ўсім сьвеце падатак на дадатковую вартасьць спаганяецца ў краіне-атрымальніку тавару і ідзе адпаведна ў бюджэт гэтай краіны, Расея ж спаганяе гэты падатак са сваіх гандляроў нафтаю і папаўняе за кошт гэтага свой бюджэт.

Размова ідзе пра сумы ў некалькі мільярдаў даляраў. І для Расеі прапанова пра зону свабоднага гандлю – нішто іншае, як прапанова аддаць гэтыя грошы іншым краінам СНД. А ей гэта не да спадобы, Масква хацела б адыгрываць лідэрскую ролю на постсавецкай прасторы, але ня хоча надта шмат плаціць за гэта.

Таму ультыматум, зь якім выступіў Лукашэнка, зьвязаўшы лёс СНД з лёсам зоны свабоднага гандлю, наўрад ці зробіць надта моцнае ўраджаньне на гаспадара Крамля.

Таксама сумніўна, што плён будуць мець заклікі Лукашэнкі да іншых краінаў СНД далучацца да беларуска-расейскага саюзу. Учора прэзідэнт Грузіі Шэварнадзе зрабіў адмысловую заяву пра тое, што Тбілісі ня мае аніякіх намераў далучыцца да гэтага міждзяржаўнага ўтварэньня.

Некалькі тыдняў таму, падчас сустрэчы з Лукашэнкам у Берасьці, падобную прапанову ветліва адхіліў і украінскі лідэр Кучма, патлумачыўшы, што, калі бакі ня здольныя дамовіцца пра такую параўнальна простую рэч, як зона свабоднага гандлю, дык ня варта замахвацца на нешта больш складанае.

З гэтым больш складаным , а менавіта, мытным саюзам Беларусі і Расеі, справы рухаюцца ня надта добра. Некалькі дзён таму першы намесьнік старшыні мытнага камітэту Расеі Уладзімір Мешчаракоў паведаміў, што ў дзвюх краінах дзейнічаюць розныя стаўкі мытаў амаль па трохстах пазыцыям: на 276 відаў тавараў у Расеі мыты вышэй, чым ў Беларусі , а па 5 пазыцыях – вышэй у Беларусі.

Расейскі мытнік выступіў у неўласьцівай яму ролі абаронцы беларускага сувэрэнітэту, адзначыўшы, што ў Беларусі ёсьць "крытычныя таварныя пазыцыі", зніжэньне ставак мытаў па якім было б для краіны згубным. "Стаўкі мытаў маглі б быць цалкам уніфікаваныя, калі б у Беларусі адсутнічала ўласная эканоміка" – лічыць Уладзімір Мешчаракоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG