Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 чэрвеня 2000 г.


Гутарыла Алена Радкевіч

Чарговы афіцыйны візыт у Беларусь міжнароднае парлямэнцкае "тройкі", што сёньня пачаўся, мае некалькі спэцыфічных рысаў, якія раней не былі ўласьцівыя падобным крокам…

Першы дзень візыту ў Беларусь парлямэнцкае "тройкі" быў непрацяглым. Ён традыцыйна пачаўся гутаркаю гасьцей з супрацоўнікамі КНГ АБСЭ ў Беларусі. Затым адбылася сустрэча зь беларускімі дасьледнікамі ў галіне апытаньня грамадзкае думкі ды аналізу сытуацыі ў краіне.

Цяперашюю парлямэнцкую "тройку" можна назваць "тройкаю" толькі з пэўнай доляю ўмоўнасьці. Справа ў тым, што ў ёй гэтым разам прадстаўленыя толькі дзьве міжнародныя арганізацыі – Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ і Эўрапарлямэнт.

Як і тры з паловаю месяцы таму, у Менск прыляцелі Адрыян Севярын (старшыня адмысловае рабочае групы ў справах Беларусі ПА АБСЭ) і Ян Вірсма (кіраўнік падкамітэту ў пытаньні Беларусі Эўрапарлямэнту). Чамусьці няма прадстаўнікоў трэцяй арганізацыі – Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік патлумачыў адсутнасьць прадстаўнікоў Рады Эўропы тэхнічнымі прычынамі. Аднак ёсьць і іншыя думкі. Сталы сябра ПА АБСЭ ад Беларусі Ўладзімер Нісьцюк, які толькі ўчора вярнуўся з Бухарэсту й валодае самай сьвежай інфармацыяй, напрыклад, лічыць, што гэта невыпадкова.

(Нісьцюк: ) "Я думаю, што няма адзінства ў парлямэнтароў, у парлямэнцкіх міжнародных структурах адносна таго, што адбываецца ў Беларусі. Яны ня маюць выпрацаванага пункту гледжаньня, бо не было такіх моцных кансультацыяў, і мы зразумелі гэта пад час працы зь Севярынам у Бухарэсьце. Вельмі розныя погляды на сытуацыю ў Беларусі. І прагнозы вельмі розныя: што будзе зь Беларусьсю, што будзе з парляманцкімі выбарамі. Як можа Беларусь і падзеі ў ёй паўплываць на сытуацыю ў Эўропе і сьвеце".

Другое адрозьненьне цяперашняга візыту ад папярэдніх – тое, што ўпершыню "тройку" мае намер прыняць кіраўнік беларускага ўраду Ўладзімер Ярмошын. Ягоны папярэднік Сяргей Лінг ніколі такія пытаньні не абмяркоўваў. Праўда, сустрэча новага прэм'ера зь міжнароднымі чыноўнікамі адбудзецца толькі ў апошні дзень візыту, 22 чэрвеня.

Трэцяя навацыя – сустрэча міжнародных чыноўнікаў зь сябрамі рабочае групы ў правядзеньні гэтак званага "шырокага грамадзка-палітычнага дыялёгу". Тут, дарэчы, важна падкрэсьліць, што першапачаткова афіцыйныя ўлады Беларусі настойвалі на тым, каб сябры "тройкі" ўдзельнічалі ў плянарным паседжаньні згаданага "дыялёгу". На гэтым грунце адбыўся нават невялікі дыпляматычны скандал паміж памочнікам Аляксандра Лукашэнкі Сяргеям Посахавым і КНГ. У рэшце рэшт бакі абралі кампрамісны варыянт – сустрэчу заплянавалі, але па-за рамкамі плянарнага паседжаньня.

І, нарэшце, апошняя адметная рыса – у апошні дзень візыту заплянаваны асобны сьняданак "тройкі" з амбасадарам Расейскае Фэдэрацыі ў Беларусі. Магчыма, што такім чынам Расею хочуць падключыць да рашэньня беларускае праблемы.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Глод, як вядома, на разьвязаньне беларускага канфлікту ўплываюць ня толькі ўнутрыбеларускія чыньнікі. Нават я б сказала ня толькі і ня столькі беларускія чыньнікі. Пра якія замежныя фактары можна казаць сёньня, якія б паўплывалі на вырашэньне беларускай сытуацыі ў той ці іншы бок?"

(Глод: ) "Я зьвярнуў увагу на тое, што ўпершыню сябры "тройкі" будуць сустракацца асабіста з амбасадарам Расейскай Фэдэрацыі. Гэта зразумела, што йдзе падключэньне Расеі да вырашэньня беларускага пытаньня. Але вось тут ёсьць загадка – у якім кірунку будзе дзейнічаць расейская дыпляматыя. Альбо адбылася сустрэчы Клінтана і Пуціна, пад час якой нейкім чынам уздымалася беларускае пытаньне, і гэта рэацыя. Альбо гэта рэакцыя на сустрэчу Адрыяна Севярына зь Генадзем Селязьнёвым – сьпікерам Дзярждумы Расеі, пад час якой, а Севярын запэўніваў, што ён паўплывае на беларускую апазыцыю такім чынам, каб апазыцыя пайшла на выбары".

(Карэспандэнт: ) "Вось гэтая пазыцыя Адрыяна Севярына, наколькі мы ведаем, была рэзка раскрытыкаваная беларускімі апазыцыйнымі сіламі дэмакратычнымі. Сам Севярын аспрэчваў, што ён у гутарках з расейскімі лідарамі выказваўся ў духу, каб прымусіць каго ўдзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у выбарах. Аднак Севярын падкрэсьліў сваю пазыцыю: разьвязаньне беларускай праблемы праз удзел у выбарах. Севярын спаслаўся на ўласны досьвед, што байкот выбараў і няўдзел у іх – неканструктыўная пазыцыя. Як назіральнікі камэнтаруюць перакананьне Севярына?"

(Глод: ) "На маю думку, такія паводзіны Севярына тлумачацца адной рэччу – ён сам чакае ўдзелу ў выбарах. Рэч у тым, што ад 6-га да 10-га ліпеня ў Бухарэсьце будзе праходзіць чарговая сэсія Парляманцкай асамблеі АБСЭ. Як вядома, паўнамоцтвы спадарыні Хэйлі Дан, якая цяпер ачольвае Парляманцкую асамблею, хутка скончацца, і ідзе пытаньне пра абраньне новага старшыні. Паводле нашай інфармацыі, ёсьць 2 прэтэндэнты: Адрыян Севярын і сэр Томас Эмэры зь Вялікай Брытаніі. Паміж гэтымі асобамі будзе адбывацца барацьба за галасы дэпутатаў Парляманцкай асамблеі. Нагадаю, што ўсяго там 317 дэпутатаў. Адсюль гэтая закулісная барацьба. Невыпадкова Севярын сустракаўся ў Маскве зь Генадзем Селязьнёвым. У Севярына ёсьць козыр – ён румын. А Парляманцкую асамблею яшчэ ні разу не ачольваў прадстаўнік Усходняй Эўропы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG