Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 чэрвеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У гарадзкім судзе Менску быў зачытаны прысуд у крымінальнай справе лідэра сацыял-дэмакратаў Міколы Статкевіча й дэпутата Валерыя Шчукіна. Мікола Статкевіч атрымаў 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкаю выкананьня прысуду на 2 гады. Валеры Шчукін – 1 год з адтэрміноўкаю на год. Акрамя таго яны павінны выплаціць каля 88 мільёнаў рублёў.

Сёньня каля будынку гарадзкога суду былі выстаўленыя кардоны міліцыянтаў, а на ўсіх пляцоўках і ў судовай залі – кардоны АМАП'аўцаў з-за вялікай колькасьці жадаючых трапіць у судовае паседжаньне.

Нагадаем, крымінальная справа, узбуджаная гарадзкой пракуратураю супраць Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна паводле артыкулу 186 часткі 3 (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя беспарадкі) цягнулася з восені мінулага году. Мікола Статкевіч і Валеры Шчукін абвінавачваюцца ў тым, што летась актыўна ўдзельнічалі ў кастрычніцкіх вулічных беспарадках, а Мікола Статкевіч – і ліпеньскіх, пад час несанкцыянаванага шэсьця ў Дзень Незалежнасьці.

Сярод прысутных былі прадстаўнікі амбасадаў, АБСЭ, сацыял-дэмакраты зь Нямеччыны, партыйныя паплечнікі й журналісты. Калі Валеры Шчукін убачыў, што ня ўсіх жадаючых пускаюць у судовую залю, ён выйшаў на ганак суду і там паведаміў міліцыянтам, што пойдзе ў судовую залю апошнім. Гэта дало станоўчы вынік.

Судзьдзя Ігар Крот больш за гадзіну чытаў прысуд, зь якога вынікала, што дэманстранты хуліганілі ды ўжывалі сьлезацечны газ і выбуховыя пакеты (што вельмі зьдзівіла ўсіх прысутных, бо нават у папярэдніх паседжаньнях гэтага не гучала).

Пасьля зачытаньня прысуду – 2 гады зьняволеньня Міколе Статкевічу й 1 год Валерыю Шчукіну з адтэрміноўкаю адпаведна на 2 і 1 год – заля выбухнула воклічамі: "ганьба!". Акрамя таго, старшыня "Народнае Грамады" мусіў адзначацца ў міліцэйскіх пастарунках, калі пажадае зьмяніць месца жыхарства.

Мікола Статкевіч у судовай залі паведаміў "Радыё Свабода":

(Статкевіч: ) "Тое, што тут адбылося, - гэта акт палітычнай помсты. Барацьба з магчымымі канкурэнтамі і супернікамі. Проста барацьба з тымі, хто хоча свабоды нашай краіне. Безумоўна, прысуд пісаўся яшчэ да 5-га чэрвеня, паводле гэтага прысуду павінна было быць 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Гэта – відавочна. Але партыі ўдалося правесьці зьезд. Я пераабраны на старшыню. Першы намесьнік – чалавек цьвёрды і надзейны. Уладзе прыйшлося пачынаць гуляць. Яны цягнулі, дацягнулі да прыезду "тройкі". І гэтыя 2 гады… Калі лідара адной зь вядучых палітычных партыяў выключаюць з рэальнай палітыкі, апроч унутрыпартыйнай, выключаюць з выбарчай палітыкі… Улады будуць падаваць гэта як крок насустрач. Як нейкую дэмакратызацыю. Гэты прысуд вельмі яскрава характарызуе сытуацыю з правамі чалавека і незалежнасьцю правасудзьдзя".

Другі асуджаны – дэпутат Валеры Шчукіны – дадаў: "Прысуд мяне не зьдзівіў. Але я не зьбіраюся хадзіць у міліцэйскі пастарунак і там адзначацца. Або мяне кінуць за краты, або міліцыянты будуць мяне насіць у пастарунак. Я лічу, што прысуд незаконны. Вось нам зачыталі пра тое, што мы нібыта не падпарадкоўваліся супрацоўнікам міліцыі, але ж іх там і не было! Там былі салдаты. А я ўсё ж такі афіцэр і салдаты мне загады аддаваць ня будуць!", – паведаміў Валеры Шчукін.

Экс- прэм'ер Міхал Чыгір, якому ў гэтай жа судовай залі днямі быў зачытаны прысуд, так пракамэнтаваў сёньняшнюю падзею "Радыё Свабода":

(Чыгір: ) "Гэтага трэба было чакаць. Статкевіч фактычна выключаны з палітычнага жыцьця, але я думаю, ён ад гэтага не адмовіцца. А як будуць дзейнічаць улады, сказаць цяжка".

Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка падзяліўся сваімі меркаваньнямі:

(Вячорка: ) "Міжнародная ўвага да таго, што адбываецца ў Беларусі, і засьведчаная сіла незалежніцкіх палітычных структураў змусілі рэжым не засадзіць гэтым разам нашых сяброў за краты. Але тое, што іх паспрабавалі пазбавіць палітычнай актыўнасьці – відочна".

Адвакаты асуджаных Міколы Статкевіча й Валерыя Шчукіна Тацяна Станкевіч і Тацяна Вардомская маюць намер падаць скаргу ў вышэйшыя ўстановы каб скасаваць прысуд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG