Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 чэрвеня 2000 г.


Юры Дракахруст

Год таму скончыліся баявыя дзеяньні ў Косаве. Міратворцы дзяржаваў НАТА, Расеі ды іншых эўрапейскіх краінаў увайшлі ў гэтую югаслаўскую правінцыю.

Вельмі часта палітыка – гэта выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным. Ніхто ня можа сказаць, што на працягу году міжнародная міратворчая місія выканала ўсе свае задачы. Больш за 100 000 сэрбаў пакінулі Косава, баючыся перасьледу з боку этнічных албанцаў. Дагэтуль не спадае міжэтнічнае напружаньне ў краі, прычым, калі раней, да ўваходжаньня ў край міратворчых сілаў, ахвярамі былі албанцы, дык зараз у небясьпецы – жыцьце косаўскіх сэрбаў.

Пра мэты, якія імкнецца дасягнуць на Балканах міжнародная супольнасьць, прэзыдэнт ЗША Клінтан нагадаў пад час свайго нядаўняга візыту ў Эўропу.

(Клінтан: ) "Ясна што праца ў галіне стварэньня супольнай Эўропы далёка ня скончаная. І занадта рана пакуль што задавальняцца гэтымі ўзаемнымі віншаваньнямі. Замест гэтага сканцэнтруем нашую ўвагу на дзьвюх вялікіх справах няскончанай працы і адным выразным выкліку. Першая няскончаная справа – гэта цалкам і канчаткова пераўтварыць Паўднёва-Усходнюю Эўропу ў частку Эўропы. Гэта адзіны спосаб гарантаваць працяглы мір ў гэтым так варожа падзеленым рэгіёне. Гэта немагчыма зрабіць, змушаючы людзей жыць разам. Няма шляху назад да старой Югаславіі. Але немагчыма таксама даць кожнай нацыянальнай абшчыне ўласную краіну, войска і сьцяг. Стварэньне новых межаў на Балканах можа толькі падарваць мір… Нашая мэта – дэбалканізаваць Балканы".

У мінулым годзе беларуская дзяржаўная прапаганда выкарыстоўвала апэрацыю НАТА дзеля распальваньня антызаходніцкіх пачуцьцяў і запалохваньня насельніцтва. "Сёньня – Югаславія, заўтра – Беларусь" – гэтую тэзу паўтаралі ўсе прапагандысты, пачынаючы з кіраўніка дзяржавы.

Але падзеі разгортваліся насуперак гэтай прымітыўнай схеме.
Па-першае, Расея, нягледзячы на антынатаўскую рыторыку, адыграла выключную ролю ў дасягненьні міру на Балканах. Спалучэньне дыпляматычнага ціску Масквы і ўзброенай сілы НАТА прымусілі Мілошавіча саступіць, Расея ня толькі ўхваліла міратворчую апэрацыю ў Радзе Бясьпекі ААН, але і ўзяла ў ёй удзел. Такім чынам, падзеі ў Косаве ў мінулым годзе былі не вайною Захаду супраць славянаў, а барацьбою ўсясьветнае супольнасьці супраць генацыду.

Па-другое, міратворцы прыйшлі ў Косава, каб прынесьці менавіта мір і абарону правоў людзей незалежна ад іх этнічнай прыналежнасьці, а не дзеля забесьпячэньня перамогі адной этнічнай абшчыны. Як раней Захад абараняў косаўскіх албанцаў, гэтак жа зараз міратворцы НАТА абараняюць косаўскіх сэрбаў, што часам выклікае раздражненьне пэўных палітычных сілаў у Косаве, якія вызнаюць першабытную мараль: "Калі сусед скраў маю карову – гэта дрэнна, калі я скраў карову суседа – гэта добра".

Па-трэцяе, сталася відавочным, што дэкляраваныя мэты ваеннай апэрацыі ў Косаве адпавядалі рэчаіснасьці, а не хавалі пляны ўсталяваць кантроль над Югаславіяй. Узброенай рукою быў прыпынены сыстэматычны і масавы гвалт над людзьмі, адзінай віною якіх была іх этнічная прыналежнасьць. Але мэтаю не было і ня ёсьць ваеннае ўмяшальніцтва ў палітычную барацьбу ў Сэрбіі. І гэта пры тым, што дыктатарскі характар рэжыму Мілошавіча не выклікае сумненьняў, а сам югаслаўскі прэзыдэнт расшукваецца міжнародным трыбуналам па абвінавачаньні ва ўчыненьні ваеных злачынстваў.

Гэта – урок ня толькі для беларускіх уладаў, але і для тых беларускіх апазыцыянэраў, якія часам, змяніўшы знак з "мінуса" на "плюс", паўтараюць формулу афіцыйнай прапаганды "Сёньня – Косава, заўтра – Беларусь". Негаворачы ўжо пра маральную сумніўнасьць запрашэньня ў сваю краіну замежных войскаў, варта разумець, што войскі НАТА – гэта не таксі, якое можна выклікаць па дапамогу ў палітычнае барацьбе.

На мінулым тыдні сытуацыю ў Косаве разглядала Рада Бясьпекі ААН. Выступаючы перад сябрамі Рады, кіраўнік місіі ААН у Косаве Бернар Кушнер паведаміў, што за мінулы год у свае дамы вярнуліся каля
900 000 уцекачоў, што ізноў адчыняюцца школы, аднаўляецца эканоміка, прыватны бізнэс дасягнуў 70% даваенага ўзроўню.
Тым ня менш кіраўнік адміністрацыі ААН не хаваў цяжкасьцей і праблемаў. Ён заявіў:

(Кушнер: ) "Мы ў 10 разоў скарацілі ўзровень злачыннасьці, але ў рэгіёне па-ранейшаму адбываюцца забойствы, злачынствы, падпаленьні ды іншыя дзеяньні, скіраваныя галоўным чынам супраць сэрбаў у Косаве".

Сп-р Кушнер падкрэсьліў, што нельга за год дасягнуць поўнага посьпеху там, дзе міжэтнічная нянавісьць і канфлікты існуюць на працягу стагодзьдзяў. Чарговым выпрабаваньнем эфэктыўнасьці міжнароднае місіі стануць кастрычніцкія выбары ў Косаве мясцовых ворганаў улады. Сп-р Кушнер заклікаў косаўскіх сэрбаў узяць актыўны ўдзел у гэтых выбарах, прычым ён адрасаваў свай зварот ня толькі да тых сэрбаў, што жывуць у краі, але і да тых, што пакінулі яго. Але пакуль косаўскія сэрбы не сьпяшаюцца рэгістравацца ў якасьці выбаршчыкаў, баючыся за сваю бясьпеку.

У гадавіну сканчэньня баявых дзеяньняў не сканчаюцца спрэчкі як наконт вынікаў міратворчай апэрацыі, гэтак і наконт ваенай апэрацыі НАТА.

Дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт, выступаючы на паседжаньні Рады Бяспекі ААН, заклікала не забываць, якія працэсы ў Косаве міжнароднае ўмяшальніцтва здолела прадухіліць. «Гэта тое, чым мы ўсе можам ганарыцца» – сказала сп-ня Олбрайт.

Амбасадар Югаславіі ў ААН сп. Ёванавіч аспрэчыў законнасьць баявых дзеяньняў НАТА ў Югаславіі, ён заявіў, што дзеяньні Белграду ў Косаве былі ўсяго толькі адказам на тэрор з боку албанскага Войска Вызваленьня Косава. Паводле словаў сп. Ёванавіча, Югаславія мела пэўны давер да місіі ААН год таму, але зараз адчувае глыбокае расчараваньне.

Сумненьні ў эфэктыўнасьці міжнароднае місіі ў Косаве выказваюць і некаторыя міжнародныя грамадзкія арганізацыі. Напрыклад, дасьледчы інстытут CATO лічыць, што міжнародныя высілкі па стварэньні шматэтнічнае дэмакратыі ў Косаве скончыліся «відавочным правалам».
Яшчэ больш значны міжнародны рэзананс мела чарговая справаздача міжнароднае праваабарончае арганізацыі Amnesty International, якая ўтрымлівае абвінавачаньне на адрас НАТА ў парушэньні міжнародных гуманітарных правілаў вядзеньня вайны. Гэтую выснову аспрэчылі Дзярждэпартамэнт ЗША і кіраўніцтва НАТА, а таксама галоўны пракурор Міжнароднага трыбуналу ААН Карла Дэль Понтэ.

Пад час паседжаньня Рады Бясьпекі ААН яна заявіла, што цывільныя аб'екты і насельніцтва не былі мэтаю атакаў сілаў НАТА, і што непазьбежныя памылкі , якія былі дапушчаныя пад час гэтых удараў, ня могуць быць прадметам разгляду Міжнародным трыбуналам.
Затое справаздачу Amnesty International падтрымаў афіцыйны Белград. Падтрымаў горача, але, можа быць, ня вельмі шчыра.
Гаворыць прадстаўнік Amnesty International сп-р Гэйдран.

(Гэйдран): "Як мне стала вядома з навінаў, урад Югаславіі выказаў задавальненьне нашаю справаздачаю. У сувязі з гэтым я хацеў бы выказаць пажаданьне, каб югаслаўскія ўлады выказалі падобную адкрытасьць у дачыненьні да шматлікіх нашых вельмі крытычных справаздачаў пра адказнасьць сэрбскіх войскаў за выразныя парушэньні правоў чалавека, і каб яны пачалі супрацоўнічаць з намі і з трыбуналам ААН у справе ваенных злачынстваў".

Пакуль, відаць, цяжка даць канчатковую ацэнку міратворчай акцыі ў Косаве. Так, міжнародная супольнасьць здолела спыніць генацыд, але карані міжэтнічных канфліктаў аказаліся больш глыбокімі, чым падавалася раней, супляменьнікі ўчорашніх ахвяраў сёньня часам гатовыя гвалтаваць супляменікаў учорашніх гвалтаўнікоў. Канец гісторыі, пра які пісаў Фукуяма, відавочна не адбыўся, і часам міжнародная супольнасьць аказваецца бездапаможнаю, сутыкаючыся з крываваю племянною варожасьцю ў Афрыцы, Азіі ды Эўропе.

Мы ужо казалі пра выбар паміж дрэнным і зусім дрэнным. Так, лідэры краінаў сьвету ўзялі на сябе вялікую адказнасьць, прыняўшы рашэньне умяшацца ў косаўскі канфлікт. Балканы стагодзьдзямі называлі "парахавым сутарэньнем" Эўропы. Калі праект "дэбалканізацыі Балканаў", стварэньня мультыэтнічнай дэмакратыі ў Косаве пацерпіць паразу – гэта будзе і іх асабістай паразай, і паразай мары пра адзіную Эўропу. Але альтэрнатываю было спакойнае назіраньне, дапушчэньне гэнацыду ў цэнтры Эўропы. І лідэраў сьвету прымусіў прыняць рашэньне пра ваеную апэрацыю НАТА ў Косаве ўвесь досьвед ХХ стагодзьдзя, які можна вызначыць словамі брытанскага паэта Джона Донна: "Не пытай, па кім звоніць звон, ён звоніць па табе".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG