Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 чэрвеня 2000 г.


Кастусь Бандарук

Як паведаміла праваабарончая Арганізацыя Amnesty International, яна атрымала новыя доказы таго, што незважаючы на міжнародны ціск і крытыку, правапарушэньні ў Чачні працягваюцца. Расейскія вайскоўцы далей зьбіваюць, катуюць і гвалтуюць затрыманых Чэчэнцаў і надалей дзейнічаюць гэтак званыя "фільтрацыйныя" лягеры.

Згодна Amnesty International, расейскія вайскоўцы затрымоўваюць Чэчэнцаў на кантрольна-прапускных пунктах у часе праверак канвояў з уцекачамі і гэтак званых "зачыстак" у нядаўна захопленых мясцовасьцях. Людзей затрымоўваюць пераважна за адсутнасьць прапіскі або дазволу на жыхарства, а таксама калі вайскоўцы падазраюць некага ў прыналежнасьці да ўзброенай групоўкі ці хаця б у сваяцтве з партызанамі. Паводле Amnesty International, расейскія сілы далей высылаюць затрыманых у розныя сакрэтныя "фільтрацыйныя" лягеры, дзе вязьні ня маюць ніякага кантакту ня толькі з адвакатам, але нават са сваімі блізкімі.

Праваабарончая арганізацыя сабрала новыя паказаньні тых, таму давялося быць у такім лягеры і выжыць. Зь іхных аповядаў адназначна вынікае, што ня толькі затрыманыя мужчыны, але жанчыны і дзеці былі пастаянна і мэтадычна катаваныя. Іх таксама гвалтавалі, зьбівалі дубінкамі і цяжкімі прадметамі, такімі як малаток, ужывалі супраць вязьняў электрычнасьць і сьлезацечны газ, выбівалі зубы і білі па абодвух вушах гэткім чынам, каб лопнулі барабанныя перапонкі.

Amnesty International цытуе паказаньні тых, каму давялося быць у лягеры, званым "Інтэрнатам" ва Ўрус-Мартане. Дваццацігадовы Зэлімхан быў затрыманы групай у складзе 15 расейскіх АМОН-аўцаў з гораду Пенза. Сьпярша яго разьдзетага дзьве гадзіны бяз перапынку білі дубінкамі, каб ён прызнаўся, што ваяваў
на чэчэнскім баку. Пасьля яго перавезьлі ў лягер Чарнакозава і затым у згаданы "інтэрнат" ва Ўрус-Мартане. У абодвух лягерах ахоўнікі на чале са сьледчым гвалтавалі яго, выкручвалі геніталіі з насьмешкамі, што ніколі ўжо ня будзе бацькам. Зэлімхан расказаў, што яго зьбівалі некальі разоў у дзень акрамя 9-га траўня, калі ахоўнікі сьвяткавалі Дзень Перамогі. Нарэшце, 13-га траўня яго вызвалілі, але толькі пасьля таго, як ягоная сьям'я заплаціла 300 даляраў выкупу і пасьля пісьмовага абяцаньня, што ён нікому не разкажа пра тое, што зь ім рабілі.

Іншага вязьня гэтага ж лягеру Рустама Гандарава трымалі ў "Інтэрнаце" тройчы. Першы раз яго вызвалілі, калі сям'я заплаціла 3,5 тысячы даляраў, але усё роўна пасьля затрымлівалі яшчэ двойчы. Яго сем гадзін безупынна катавалі дубінкамі і электразарадамі.

Пятнаццацігадовага Цімура з Урус-Мартану затрымалі разам з ягоным дзядзькам, якога падазравалі ў прыналежнасьці да партызанаў. Праз восем дзён хлопца сыстэматычна зьбівалі, каб той
выдаў дзядзьку. Цімур з паламанымі рэбрамі быў вызвалены пасьля таго, як сям'я заплаціла ахоўнікам 700 даляраў.

Саракагадовы Нурдзі быў затрыманы разам з двума суседзямі Джамалам і Максімам 6-га траўня па абвінавачаньні ў захопе заложнікаў і прыналежнасьці да ўзброенай групоўкі. З Максімам, як Расейцам, ахоўнікі абыходзіліся больш лагодна, аднак Нурдзі зьбівала адначасова 15 чалавек. Яны раздушвалі пальцы табурэткай так, што ён шмат разоў траціў прытомнасьць, гразілі, што забьюць і адрэжуць вушы. Нурдзі паведаміў, што разам зь ім у камэры бяз ложкаў і ніякага санітарнага абсталяваньня сядзелі яшчэ 6 чалавек, супраць якіх ужывалі электрычны ток.

Amnesty International адзначае, што імёны ахвяраў фіктыўныя, паколькі усе сьведкі баяліся назваць свае сапраўдныя прозьвішчы. Акрамя таго, усе гэтыя зьверствы адбываюцца ў часе, калі згодна запэўніваньням самога прэзыдэнта, некалькі расейскіх сьледчых групаў нібыта расьсьледуюць ранейшыя выпадкі масавых растрэлаў і жахлівых зьдзекаў над цывільным насельніцтвам. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі сумняюцца, ці Расея ўвогуле зацікаўленая у высьвятленьні ўсіх правапарушэньняў у Чачні, і што калі імі ня зоймецца міжнародная сьледчая група, яны застануцца баспакаранымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG