Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гарадзкая пракуратура Менску занялася расьсьледаваньнем учорашняга забойства ў цэнтры беларускае сталіцы ўзбэцкага прадпрымальніка Аджы-Асманава. Сьледчыя не выказваюцца наконт магчымых вэрсіяў гэтага злачынства, прызнаючы толькі яго яўна заказны характар. Між тым, незалежныя назіральнікі лічаць найбольш верагоднай вэрсіяй перадзел рынку паставак у Беларусь збожжа, на якое апошнім часам значна падвысіліся кошты.

Сёньня ўжо ні ў кога з адмыслоўцаў няма сумневу, што ўчорашняе забойства ўзбэцкага прадпрымальніка ля пляцу Перамогі мела заказны характар. Пра гэта сьведчыць пісталет з глушыльнікам, якім быў узброены злачынца, і ягоныя паводзіны. Тое, што ён падпільнаваў сваю ахвяру ў вельмі зручным месцы – у двары дома, зрабіў прынамсі два стрэлы, у тым ліку – "кантрольны" ў галаву, і спакойна сышоў з месца злачынства.

Вось што распавядае адна са сьведкаў гэтага забойства, жыхарка дома на пляцы Перамогі, дзе адбылося злачынства…

(Сьведка: ) "Ён зайшоў з тога боку, пасьля адсюль вярнуўся. Тут машына стаяла. Другі раз вярнуўся. У яго, відаць, заклініла пісталет, і ён яго пачаў трэсьці-трэсьці. Потым адкрыў заднія дзьверы і два разы стрэліў. Пасьля – падпах пісталет з гушыльнікам і пайшоў".

Гаварыла сьведка забойства.

Ужо ўчора зьявіліся зьвесткі, што забіты прадпрымальнік займаўся пастаўкамі ў Беларусь збожжа, але нават ягонае прозьвішча міліцыя трымала ў сакрэце. Яно стала вядомае сёньня. Імя ахвяры – Эдэм Аджы-Асманаў, ён грамадзянін Узбэкістану, але апошнім часам жыў пад Менскам у пасёлку Калодзішчы й сапраўды займаўся пастаўкамі збожжа ў Беларусь.

Спэцыялісты ў эканоміцы пацьвярджаюць, што менавіта збожжавыя праблемы маглі сталі прычынаю злачынства. Паводле дадзеных эканаміста, аглядальніка газэты "Белорусский рынок" Аляксандра Алесіна, сёньня ў Беларусі склалася надзвычай напружанае становішча з пастаўкамі збожжа. Яго не хапае, а пэрспэктывы яшчэ горшыя. З-за катаклізмаў у надвор'і і Расея, і Ўкраіна зьбяруць недастатковы ўраджай. Страты яны будуць кампэнсаваць у тым ліку й на рынку Сярэдняе Азіі, адкуль пацясьняць Беларусь. Вынікам стане дэфіцыт збожжа ў Беларусі і, адпаведна, падвышэньне коштаў прыкладна на 10-20 адсоткаў за тону. Цяпер пачалася барацьба за кантроль над гэтым рынкам ці ягоны перадзел.

Аляксандар Алесін кажа:

(Алесін: ) "Тое, што праявілася ў такой пачварнай форме як забойства прадпрымальніка з Ташкента, ёсьць індыкатар, што становішча на гэтым рынку склалося вельмі вострае. Кошты будуць расьці, і той, хто кіраваў гэтай таварнай плыняй, атрымае звышпрыбытак".

Паводле Алесіна, рынак паставак збожжа ў Беларусь больш чым на палову ценявы, а калі ўлічыць, што агульны абарот дасягае некалькіх соцень мільёнаў даляраў, можна падлічыць, колькі грошай застаецца ў ценявага й паўкрымінальнага бізнэсу. Пры гэтым Алесін упэўнены, што "збожжавая мафія" дзеліцца сваімі прыбыткамі й зь дзяржаўнымі чыноўнікамі…

(Алесін: ) "Відавочна, што без афармленьня транзытных, мытных ды іншых дакумэнтаў не абыйсьціся. Каб прапусьціць з таго ж Казахстану такую колькасьць збожжа, неабходна падтрымка чыноўнікаў высокага ўзроўню, і яны яе аказваюць", – кажа эканаміст Аляксандар Алесін і дадае…

(Алесін: ) "Занадта высокая норма прыбытку".

Дадам, што два гады таму былы міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў заявіў у лісьце з турмы, што зь ім расправіліся ў тым ліку й за спробы зламаць сыстэму манаполіі на пастаўкі збожжа. Лявонаў заклікаў стварыць сыстэму конкурсаў на пастаўкі, і папярэдзіў, што цяперашняя практыка манаполіі набліжаных да ўлады фірмаў будзе садзейнічаць росквіту карупцыі, злачыннасьці й падвышэньню коштаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG