Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 чэрвеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Вялікімі спрэчкамі і непаразуменьнямі паміж прадстаўнікамі аб'яднанай апазыцыі суправаджалася сёньня першае паседжаньне аргкамітэту правядзеньня 3-га Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Пасьля больш чым дзьвюхгадзіннай дыскусіі, аргкамітэт здолеў урэшце абраць свайго страшыню, ягонага намесьніка і зацьвердзіць рабочыя ворганы.

Галоўнай праблемай, па якой паміж сябрамі аргкамітэту разгарэлася дыскусія стала ініцыятыва інтэлігенцыі правесьці ўлетку сёлета Трэці Ўсебеларускі зьезд. Сябры аргкамітэту Станіслаў Багданкевіч, Аляксей Кароль і Ўладзімер Нісьцюк сьцьвярджалі, што паміж лідэрамі апазыцыйных партыяў і прадстаўнікамі інтэлігенцыі, што увайшлі ў аргкамітэт па правядзеньні Ўсебеларускага зьезду існуе непаразуменьне. Некаторыя сустаршыні аргкамітэту зьезду нібыта нават абвінавачвалі апазыцыйных палітыкаў у ігнараваньні інтарэсаў інтэлігенцыі. Маўляў, апазыцыйныя партыі амаль не спрычыніліся да зьездаўскай падрыхтоўкі.

Паводле словаў сп. Багданкевіча, занепакоенасьць такой сытуацыяй выказваў і старшыня ВС Сямён Шарэцкі. І пакуль сябры аргкамітэту Кангрэсу ня знойдуць паразуменьня з прадстаўнікамі зьездаўскага аргкамітэту, прызначаць дату дэмакратычнага форуму немэтазгодна. Лідэры АГП – Анатоль Лябедзька, БНФ – Вінцук Вячорка ды іншыя доўгі час пераковалі нязгодных, што зьезд і кангрэс – мерапрыемствы вельмі розныя як паводле фармату, так і паводле мэтаў. На іх думку, Усебеларускі зьезд ставіць за мэту абвяшчэньне акту Незалежнасьці Беларусі і павінен быць вельмі прадстаўнічым. А Кангрэс павінен абвесьціць агульнае для ўсёй апазыцыі стаўленьне да парлямэнцкіх выбараў.

У выпадку калі ўлады не выканаюць умовы, на якіх ностойваюць міжнародныя арганізацыі, апазыцыя браць удзел у выбарах ня будзе. Прычым, на думку спадароў Лябедзькі, Вячоркі ды іншых, кангрэс трэба правесьці да 6 ліпеня, калі ў Бухарэсьце пачнецца сэсія ПА АБСЭ, на якой будзе прымацца рашэньне пасылаць на беларускія выбары назіральнікаў ці не.

Нарэшце, сябры аргкамітэту дайшлі да кампрамісу. Вырашана правесьці перамовы з сустаршынямі аргкамітэту зьезду і зьняць усе непаразуменьні. Пасьля спрэчак старшынём аргкамітэту кангрэсу быў абраны Юры Хадыка, а ягоным намесьнікам Мечыслаў Грыб. Таксама утвораныя рэдакцыйная і мандатная камісіі ды сакратарыят.

Вось што паведаміў нашаму радыё пасьля заканчэньня паседжаньня сп.Грыб:

(Карэспандэнт: ) "Чаму сёньня так цяжка прымаліся рашэньні на аргкамітэце?"

(Грыб: ) "Таму што новая справа, не да канца прадумана ўсё, не зусім унізе прапрацаваная да пэўнай канцэпцыі. Пасьля гэтага было б лягчэй. І прадстаўнікі Кангрэсу, і прадстаўнікі Зьезду, гэта людзі, якія сёньня стаяць з аднаго боку, і, мабыць, нешта штучнае хтосьці спрабуе пакласьці паміж гэтымі людзьмі".

Лічыць Мечыслаў Грыб.

А вось меркаваньне іншага сябры аргкамітэту Кангрэсу, лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца:

(Севярынец: ) "Думаю, у сёньняшняй апазыцыі пасьля Вясны-2000 і напярэдадні такіх сур'ёзных выпрабаваньняў, як выбары, у адных і другіх павінен зьявіцца гэты салідарны запал".

Паведаміў Павал Севярынец.

Тым ня менш канкрэтную дату правядзеньня Кангрэсу аргкамітэт сёньня не зацьвердзіў, пагадзіўшыся з тым, што мерапрыемства трэба праводзіць у першых днях ліпеня. Але, на думку некаторых лідэраў апазыцыйных партыяў, хутчэй за ўсё дата 2 ліпеня застанецца нязьменнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG