Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Беларускі ўрад прыняў пастанову, згодна зь якой будзе аказвацца адрасная падтрымка тым, хто знаходзіцца за рысаю беднасьці. Сёньня за рысаю беднасьці, паводле афіцыйнае статыстыкі, апынулася амаль палова жыхароў краіны.

Паводле афіцыйных дадзеных, за рысаю беднасьці зараз знаходзіцца прыблізна ад 46 да 47 адсоткаў жыхароў. Паводле незалежных дасьледваньняў, колькасьць беларусаў, якая апынуліся ніжэй за рысу беднасьці, яшчэ большая. Паводле дадзеных Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, за гэтаю рысаю больш за 68 адсоткаў грамадзянаў Беларусі. І толькі менш за 2 адсоткі атрымліваюць даход больш як 100 даляраў.

За рысаю беднасьці, паводле меркаваньня ўраду, знаходзяцца тыя, чый даход складае менш за 12 з паловаю даляраў за месяц. Рыса беднасьці разьлічваецца ўрадам кожны квартал паводле складаных мэтодыкаў. Лічыцца, што за рысаю тыя, хто атрымлівае менш за палову бюджэту пражытачнага мінімуму. У беларускіх рублях гэтая палова на сёньняшні дзень складае 11 тысячаў 822 дэнамінаваныя рублі.

Я не спрабавала карыстацца афіцыйнымі мэтодыкамі, а проста прыблізна падлічыла. На гэтую суму можна аплаціць камунальныя паслугі, набыць два дзясяткі яек, 10 боханаў хлеба, 1 літар сьмятаны, 5 літраў малака, кіляграм мяса й кіляграм самае таннае каўбасы, па кіляграму бульбы, цыбулі й морквы, а таксама кавалачак самага таннага мыла й цюбік самае таннае зубное пасты. Гэтага ўсяго павінна хапіць на месяц. Да таго ж, некаторым з малазабясьпечаных давядзецца плаціць за карыстаньне транспартам.

Сёньня адрасная сацыяльная падтрымка аказваецца толькі пэнсіянэрам. Астатнія малазабясьпечаныя могуць прэтэндаваць ня яе толькі пасьля таго, як будзе распрацаванае палажэньне пра адрасную сацыяльную дапамогу.

У Міністэрстве сацыяльнае дапамогі мне паведамілі, што аніякіх талёнаў на таннае харчаваньне малазабясьпечаныя атрымліваць ня будуць. Проста калі чалавек атрымлівае, напрыклад, 9 тысячаў рублёў, яму даплоцяць розьніцу, якая аддзяляе яго ад рысы беднасьці. І ён дадаткова атрымае 2 тысячы 822 рублі. Афіцыйна ён ня будзе знаходзіцца за рысаю беднасьці, і статыстыка палепшыцца. Аднак зразумела, што такі чалавек ня зможа забясьпечыць сабе нават мінімум харчаваньня, не кажучы ўжо пра вопратку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG