Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Экс-прэм'ера Міхала Чыгіра выклікалі на допыт да сьледчага ў яшчэ адной крымінальнае справе. Чыгір, аднак, мяркуе, што гэтая справа нават ня будзе перададзеная ў суд…

Міхал Чыгір сёньня адказваў на пытаньні сьледчага Ігара Сколыша са сьледчага камітэту Міністэрства ўнутраных справаў. Гэта быў афіцыйны допыт у межах крымінальнае справы наконт набыцьця былым прэм'ерам дома ў пасёлку Прымор'е пад Менскам. Абвінавачваньне Міхалу Чыгіру ў гэтым эпізодзе пакуль не прад'яўленае, вядзецца ўсебаковая праверка, як кажа сьледчы, але сам Чыгір упэўнены, што там няма чаго спраўджваць і сьледчыя толькі марудзяць час.

(Чыгір: ) "Я лічу, што пастаўленая такая задача знайсьці. Я гаворыць сьледчы, "ёсьць задача капаць і я капаю". Аўтаматычна працягваецца справа, хаця я бачу з паводзінаў сьледчага, што яму ўжо гэта надакучыла".

Дом у пасёлку Прымор'е для Чыгіра будавала фірма "Пушэ". У той час прэм'ер Чыгір разьлічваўся за будоўлю часткова грашыма, а часткова маёмасьцю – трактарам МТЗ-80, які набыў яшчэ да прэм'ерства, і аўтамабілем. Пра гэта сьведчаць дакумэнты, якія ёсьць у сьледчых, – кажа Чыгір. Гэтыя дакумэнты ўпершыню вывучаліся яшчэ ў 1996 годзе, калі Чыгір пайшоў у вадстаўку, і тады пракуратура не знайшла аніякіх парушэньняў і справу нават не ўзбуджала.

Цяпер, паводле загаду "зьверху", як лічыць экс-прэм'ер, гэтую безпэрспэкыўную справу аднавілі. Прычым, нават узмацнілі групу сьледчых, давёўшы агульную колькасьць супрацоўнікаў сьледчага камітэту, якія займаюцца зборам кампрамату на Чыгіра, да 22 асобаў. Але Чыгір упэўнены, што гэтая справа нават ня дойдзе да суда.

Дарэчы, на нядаўнім судовым паседжаньні над Валерам Шчукіным, куды Чыгіры паехалі, каб падтрымаць дэпутата, Юлія Чыгір сустрэлася зь міліцыянтам, якога ўкусіла за вуха. Разам зь сяброўкаю яны падыйшлі, каб спытаць пацярпелага пра здароўе і падзівіцца на тыя шэсьць швоў, якія, паводле зьвестак пракуратуры, накладзеныя на вуха міліцыянта. Пра вынікі гэтае сустрэчы распавядае Юлія Чыгір…

(Чыгір Юлія: ) "Яму стала вельмі няёмка. Аказалася, што ніякіх швоў там няма. І ніякіх сьлядоў укусу таксама няма. Ён пачаў гаварыць пра тое, што не хацеў, каб так адбылося. Ён, маўляў, разумее, што апынуўся "крайнім" у гэтай сытуацыі. Сказаў, што ніякіх заяваў ён не пісаў. І я разумею так, што, калі крымінальная справа на мяне заведзеная, дык у адказ на маю заяву".

Гэта была жонка экс-прэм'ера Юлія Чыгір, якую пракуратура Фрунзэнскага раёну цяпер абвінавачвае ў супраціве міліцыі. Як высьвятляецца, выключна на падставе ейнае заявы пра напад міліцыянта на яе. Пры гэтым сам пацярпелы міліцыянт аніякае заявы ў пракуратуру на Юлію Чыгір не падаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG