Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 чэрвеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Пробашч берасьцейскае парафіі Ўзьнясеньня Крыжа Збігнеў Кароляк, дэпартацыі якога дамагаліся беларускія ўлады, зараз знаходзіцца ў Польшчы. Пра гэта стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў. Між тым супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў працягваюць пошук каталіцкага сьвятара непасрэдна ў Берасьці, наведваючы з гэтай мэтаю кватэры парафіянаў-католікаў.

Першы дзень лета быў вызначаны беларускімі ўладамі, як апошні тэрмін знаходжаньня на тэрыторыі краіны грамадзяніна Польшчы, каталіцкага сьвятара Зьбігнева Кароляка. Прычым міліцыянты, якія апошнім часам ладзілі амаль бесперапыннае дзяжурства ля берасьцейскага касьцёлу, у прыватных размовах с парафіянамі адкрыта заяўлялі, што маюць адпаведную санкцыю пракурора Ленінскага раёну Берасьця Ўладзімера Масюка на затрыманьне ксяндза і ягоную дэпартацыю. Сярод вернікаў нават пачалі распаўсюджвацца чуткі, што асобай Зьбігнева Каролека зацікавіліся ня толькі ворганы ўнутраных справаў, але і дзяржбясьпекі. Нібыта на сьвятара зьбіраюцца завесьці крымінальную справу за шпіёнскую дзейнасьць. У мясцовай управе КДБ гэтыя чуткі не пацьвердзілі.

Затое дакладна вядома, што ксяндза Кароляка праваахоўчыя ворганы шукаюць ня толькі ў каталіцкім храме, але на кватэрах парафіянаў. Участковыя міліцыянты наведалі жытло некаторых вернікаў, дзе аглядалі памяшканьні і пыталіся пра магчымае месцазнаходжаньне каталіцкага сьвятара. Паводле інфармацыі радыё Свабода Зьбігнеў Кароляк пакінуў горад 28 траўня і апошняя ягоная сустрэча перад ад'ездам адбылася ў генэральным консульстве Рэспублікі Польшчы ў Берасьці.

Разам з тым яшчэ напрыканцы мінулага тыдня так званыя кампэтэнтныя вограны не маглі пацьвердзіць зьвестак пра тое, што ксёндз перасякаў беларуска-польскую мяжу. Тым ня менш, зь іншых неафіцыйных крыніцаў дакладна вядома, што Кароляк знаходзіцца ў Польшчы.

Афіцыйная вэрсія ягонага ад'езду – адпачынак паводле стану здароўя, бо каталіцкаму сьвятару вельмі цяжка было перанесьці ціск з боку мясцовых уладаў, які доўжыцца на пряцягу апошніх шасьці месяцаў. Дарэчы, заўтра, 6 чэрвеня, ў судзе Ленінскага раёну Берасьця павінна была разглядацца скарга Збігнева Кароляка на вынесенае яму адміністрацыйнае папярэджаньне за нібыта парушэньне пашпартнага рэжыму. Разгляд справы ўжо неадначасова пераносіўся.

Паводле словаў грамадзкага абаронцы Кароляка, прадстаўніка Беларускага Гэльсынскага камітэту Ігара Кабалека, на кватэру да якога ў мінулую пятніцу таксама завіталі міліцыянты, гэтыя пераносы не былі выпадковасьцю. Судовыя ворганы быццам бы чакалі, чым скончыцца гісторыя з дэпартацыяй ксяндза. Ігар Кабалек лічыць, што справа ідзе аб грубым парушэньні закону, бо рашэньне аб дэпартацыі прымалася на падставе накладзеных на Кароляка адміністрацыйных спагнаньняў, якія каталіцкі сьвятар спрабуе абскардзіць. Згодна з беларускім заканадаўствам, на час, калі справа разглядаецца ў судовым парадку, адпаведнае рашэньне павінна быць прыпыненае. Але праваахоўчыя ворганы Берасьця, не дачакаўшыся вэрдыкту суда, пачалі адкрытае паляваньне на ксяндза, адначасова зьневажаючы пачуцьці вернікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG