Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 траўня 2000 г.


Сяргей Навумчык

Маскоўская «Независимая газета» надрукавала артыкул Гаўрыіла Папова, у якім былы мэр Масквы гаворыць пра далучэньне Беларусі да Расеі ў якасьці «краю». Камэнтар Сяргея Навумчыка.

Сёньня Гаўрыіл Папоў, былы лідэр Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, адзін з сымбаляў гарбачоўскай перабудовы, не займае ніякай пасады, і можна меркаваць, што ягоны ўплыў на Крэмль – мінімальны. Але цікава вось што: практычна ўсе прапановы Папова адносна рэгіянальнага ўладкаваньня супадаюць з тым, што пачаў рабіць Уладзімер Пуцін.

Толькі адзін прыклад. Папоў прапануе ўнесьці ў расейскую Канстытуцыю разьдзел пра рэгіёны, кіраўнікоў якіх будзе прызначаць прэзыдэнт – рэальныя перадумовы гэтага ўжо фактычна створаныя прызначэньнем Пуціным сваіх прадстаўнікоў, своеасаблівых генэрал-губэрнатараў.

Для нашых слухачоў найбольш цікавым можа быць апошні абзац артыкулу: «Краі будуць мець нагэтулькі шырокія правы, што калі Беларусь, да прыкладу, вырашыць пайсьці на інтэграцыю – дык і яна будзе задаволеная. Сёньня пэрспэктыва зрабіцца суб'ектам фэдэрацыі для Беларусі падаецца «цеснай». А тут – яна будзе краем, аналягічным Каўказу альбо Паволжжу – з тым жа прыкладна аб'ёмам тэрыторыі і насельніцтва».

Калі прыгадваць гісторыю, дык Беларусь ужо аднойчы была «краем» – Паўночна-Заходнім.

Калі казаць пра сёньняшні дзень – дык увесь сьвет бачыць, якімі сродкамі Крэмль утрымоўвае адзінства каўказскага «краю».

Ці будуць гэтыя сродкі іншымі ў дачыненьні да тых беларусаў, якія не пажадаюць апынуцца «краем», – пра гэта аўтар артыкулу, прадстаўнік тых маскоўскіх дэмакратаў, якія некаторымі падаюцца, як саюзьнікі беларускай апазыцыі – ня піша нічога.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG