Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 траўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце выбіралі рэктара. На безальтэрнатыўнай аснове перамог Аляксандар Казулін, які ўзначальваў БДУ і дагэтуль.

Амаль 600 дэлегатаў прынялі ўдзел у паседжаньні Аб'яднанае рады – вышэйшага калегіяльнага воргану БДУ. Акрамя галоўнага пытаньня – выбраньня рэктара – абмяркоўваўся й шэраг іншых: пра камісію ў этыцы, пра геральдыку БДУ й г.д.

Нарада нагадвала сход акцыянэраў буйнога прадпрыемства. Выступы былі цалкам прысьвечаныя працоўным перамогам і, так бы мовіць, культавай фігуры рэктара Казуліна. Недахопы ўзгадваліся мімаходзь і зь яўнай неахвотаю. Невялікая зьбянтэжанасьць была заўважная толькі тады, калі быў аб'яўлены пачатак таемнага галасаваньня за кандыдата на рэктарскую пасаду.

Нягледзячы на вонкавую дэмакратычнасьць, амаль усе ўнівэрсытэцкія філіі вылучылі кандыдатам цяперашняга рэктара. Хоць у кулюарах пад час чуліся шкадаваньні наконт адсутнасьці выбарчай інтрыгі.

У адпаведнасьці з палажэньнем, прэтэндэнту дастаткова было набраць простую бальшыню галасоў пры кворуме ў 2/3 ад ўсёй колькасьці Аб'яднанае рады. Сумнявацца, што Казулін гэты паказчык перакрые, падставаў не было.

Ужо на наступным тыдні Казулін будзе мець асабістую аўдыенцыю ў Лукашэнкі, які зацьвердзіць яго на пасаду адмысловым загадам. Такая ўвага невыпадковая: БДУ мае міністэрскі статус, а сам Казулін рэгулярна ўдзельнічае ва ўрадавых паседжаньнях.

Тое, што знаёмая кандыдатура Лукашэнку задаволіць, ведаюць усе. Казулін даўно зарэкамэндаваў сябе прыхільнікам палітычнае лініі беларускага кіраўніцтва. Ва ўладавых колах Казуліна лічаць за моцнага гаспадарніка й нават параўноўваюць з маскоўскім мэрам Лужковым.

Апошняе тычыцца, хутчэй, будаўнічае дзейнасьці, якая разгорнутая ва ўнівэрсытэцкіх уладаньнях. Дастаткова аднойчы наведаць рэктарат, каб пераканацца ў амбіцыях Казуліна. Эксклюзіўная мэбля, багатае ўнутранае аздабленьне, сучасная тэхніка. На фоне пакуль што шэрага галоўнага корпусу ўсё гэта ўражвае.

Пытаньне, адкуль бяруцца на гэта грошы, цікавіць многіх. Рэктарат афішаваць фінансавыя крыніцы не зьбіраецца. Але вядома, што значную частку складаюць паступленьні ад платнага навучаньня студэнтаў. БДУ – адзіная з навучальных установаў, якая мае такую палёгку – бярэ плату не паводле курсу Нацбанку, а паводле курсу "чорнага" рынку. Дагэтуль шэраг газэтаў раз-пораз выплёскваюць пэтыцыі бацькоў, якія абураюцца дарагавізнаю навучаньня ў БДУ.

Акрамя гэтага, кіраўніцтва БДУ вымушана пэрыядычна адбівацца ад факту несупадзеньня шыльды з рэальнасьцю. Загадчык катэдры замежнае журналістыкі прафэсар Іван Сачанка лічыць, што назва "Беларускі ўнівэрсытэт" першапачаткова мела на ўвазе выкладаньне на роднай мове. Сёньня ва ўнівэрсытэце павялічваецца колькасьць гадзінаў на вывучэньне замежных моваў, беларускасьць жа можна заўважыць хіба што на філялягічным факультэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG