Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 траўня 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Сёньня ў Менску можна было пачуць размовы пра тое, што, нібыта, радыяцыйны фон у сталіцы падвысіўся ў 7 разоў. Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і беларускія фізыкі абвяргаюць гэтыя чуткі.

Паводле чутак, нібыта, першымі даведаліся пра падвышэньне радыяцыйнага фону супрацоўнікі амбасады Ізраілю ў Беларусі. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі перадалі нават паведамленьні пра тое, што супрацоўнікі амбасады вырашылі эвакуяваць сваіх дзяцей з беларускай тэрыторыі.

Супрацоўнікаў амбасады Ізраілю, якія зьяўляюцца грамадзянамі Ізраілю, сапраўды няма ў Менску, але паводле вестак, атрыманых ад з прадстаўніцтва Ізраільскага культурнага цэнтру ў Беларусі, прадстаўнікі амбасады зьехалі на некалькі дзён па тэхнічных прычынах.

Інфармацыю пра тое, што ў Менску падвышаны радыяцыйны фон, абвяргаюць усе зацікаўленыя дзяржаўныя структуры. Дзяжурны міністэрства надзвычайных сытуацыяў паведаміў, што паводле дадзеных на 9 гадзінаў раніцы а таксама на 15 гадзінаў радыяцыйны фон у Менску знаходзіцца ў норме. Паводле словаў дзяжурнага, замеры на Чарнобыльскай станцыі праводзяцца кожныя тры гадзіны, а на Ігналінскай гэта робіцца наогул аўтаматычна кожную хвіліну. На абодвух гэтых станцыях падвышэньня радыяцыйнага фону зарэгістравана не было.

Я таксама зьвязалася з кіраўніком навукова-дасьледчага Інстытуту радыяцыйнае фізыкі БДУ Ўладзімерам Барышэўскім. Ён паведаміў, што ў Інстытуце стала працуе абсталяваньне, што робіць замеры ўзроўню радыяцыі, аднак нічога трывожнага зафіксавана не было. Паводле словаў Барышэўскага, чарнобыльскі рэактар, які знаходзіцца пад саркафагам, ня можа стаць прычынай небясьпекі. Вэрсію пра тое, што сваю ролю адыгралі пажары ў лясах вакол Чарнобылю, кіраўнік Інстытуту радыяцыйнай фізыкі таксама абвергнуў.

Спадар Барышэўскі растлумачыў, што тое, што можа адбыцца вакол рэактару, ужо ня мае ніякага сэнсу. Ён сказаў (цытую): "Уявіце сабе, што адбыўся выбух 100 кіляграмаў тратылу, а пасьля на тых жа руінах выбухнуў 1 кіляграм. Гэты выбух для тых руінаў ужо ня будзе мець ніякага сэнсу. Самы страшны для беларусаў час быў адразу пасьля аварыі, калі тут быў радыеактыўны ёд. Цяпер беларусы адчувалі б сябе зусім добра, калі б яны мелі магчымасьць атрымліваць чыстыя прадукты і вітаміны"(канец цытаты).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG