Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 траўня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Пасьля леташняга няўроду і цяжкае зімоўкі, сельская гаспадарка Гомельшчыны патрапіла ў надзвычай складанае становішча: начныя травеньскія замаразкі загубілі вялікія плошчы пасеваў збожжавых культураў, рапсу і, нават, шматгадовых траваў.

Плошчы гэтыя, паводле інфармацыі аблсельгасхарчу, вымяраюцца дзесяткамі тысяч гектараў, у прыватнасьці азімае жыта і пшаніца загінулі на 47 тысячах гектараў, што складае 21 атсотку ад агульнай колькасьці пасеваў азімых, яравыя збожжавыя вымярзьлі на 24 тысячах гектараў – гэта дзесятая частка ад пасяўной плошчы.

Найбольшую шкоду замаразкі прынесьлі глыбінным палескім раёнам – Жыткавіцкаму, Лельчыцкаму, Акцябрскаму, Ельскаму, Калінкавіцкаму. Ёсьць такія гаспадаркі, як, напрыклад, саўгас "Чырвонаслабоцкі" у Акцябрскім раёне, ці калгас "Радзіма" у Калінкавіцкім, дзе, па сутнасьці, не застаўся цэлым ніводзін гектар збожжавых, азімых і яравых.

Да замаразкаў цяпер прыбаўляецца яшчэ адна бяда – засуха. Над Палесьсем гуляюць сухавеі і пыльныя буры. Як паведаміў старшыня абласнога камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Міхаіл Касюкоў, зараз тэрмінова прымаюцца меры, каб перасеяць загубленыя культуры. Да 20 траўня дзе ёсьць магчымасьць – аўсом і ячменем, пазьней – кукурузай і просам. Урад выдзяліў вобласьці крэдыт у памеры 1 мільёна даляраў на закупку ў Малдове, Расеі і Ўкраіне насеньня кукурузы і проса, а таксама на набыцьцё мінэральных ўгнаеньняў. З дзяржаўнага рэзэрву адпушчана 2 тысячы тон дызельнага паліва, аднак рэсурсаў недастаткова, у прыватнасьці паліва для тэхнікі патрэбна ў два разы болей.

Бракуе фінансаў і на мінэральныя ўгнаеньні, сродкі аховы расьлін, не хапае і насеньня. Паводле падлікаў сельгасворганаў, агульныя выдаткі на перасеў збожжавых культур дасягаюць амаль двух з паловай мільярдаў дэнамінаваных рублёў. Сёлетні катаклізм спэцыялісты схільныя разглядаць, у тым ліку, як і негатыўнае наступства бяздумнага, татальнага асушэньня палескай нізіны, якое праводзілася тут 20-30 гадоў таму, калі Беларусьсю кіраваў Пётар Машэраў. Акурат вада здольная акамуляваць цяпло, ствараць больш вільготны мікраклімат, а пералескі – ахоўваць палеткі ад пранікненьня халоднага паветра. Цяпер жа, асушаныя тарфянікі нібы стэп – ні вады, ні пералескаў. І менавіта на тарфяніках найбольш пацярпелі пасевы ад замаразкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG