Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 траўня 2000 г.


Віталь Тарас

Як мы раней паведамлялі, брытанскія й галяндзкія навукоўцы прыйшлі да высновы, што заражаныя ў выніку чарнобыльскай катастрофы тэрыторыі будуць небясьпечныя значна даўжэй, чым меркавалася раней.

Брытанскі часопіс Naturе (Прырода), які выйшаў у сьвет на мінулым тыдні, піша, што абмежаваньне на сельскагаспадарчую дзейнасьць на забруджаных радыяцыйным цэзіем землях трэба захоўваць яшчэ прынамсі 30 гадоў.

Падкрэсьлім – размова ідзе пра наступствы радыяцыі для Вялікай Брытаніі й Скандынавіі. Што тычыцца Беларусі, сытуацыя выглядае яшчэ больш сур'ёзна.

Паводле зьвестак навукова-дасьледчага інстытуту БелРАД на чале з прафэсарам Васілём Несьцярэнкам, забруджанасьць прадуктаў харчаваньня за апошнія гады ў Беларусі ня толькі ня зьменшылася, але наадварот – павялічылася.

У 1993 годзе пункты радыяцыйнага кантролю Гомельскай вобласьці выявілі, што каля 13 адсоткаў прадуктаў харчаваньня ў прыватным сэктары былі забруджаныя нуклідамі радыеактыўнага цэзію, у Берасьцейскай вобласьці – 15, у Менскай – 2 з паловай, і ў Менску – больш як адна адсотка.

А ў 1998 годзе былі забурджаныя ўжо больш за 13 адсоткаў, у Берасьцейскай – 15 з паловай, а ў Менскай вобласьці – амаль 25 адсоткаў!

Чым тлумачыцца падобны рост?

На думку акадэміка Акадэміі сельскагаспадарчых навукаў Беларусі Івана Нікітчанкі…

(Нікітчанка: ) "Таму, што няма сродкаў, каб унесьці большую колькасьць угнаеньняў, пасеяць лепшыя гатункі і атрымаць большы ўраджай. Не атрымліваецца, і таму канцэнтрацыя цэзія ў прадуктах харчаваньня павялічваецца".

(Карэспандэнт: ) "Калі я правільна разумею, дык ад якасьці ўгнаеньняў залежыць колькасьць утрыманьтня цэзію?.."

(Нікітчанка: ) "Так-так. Таму, што радыеактыўны цэзі ў хімічнай табліцы па абмене рэчываў у арганізме – гэта калій. Ён ідзе і ў кроў, і ў мяккія тканкі. Калі калію мала, яго замяняе цэзі. І ў расьлінаў таксама, і ў жывёлаў. Чым болей ураджай, тым менш канцэнтрацыя цэзія".

(Карэспандэнт: ) "Як ацэньваюцца пэрпэктывы, як доўга яшчэ будзе захоўвацца небясьпечная канцэнтрацыя цэзію?"

(Нікітчанка: ) "Гэта залежыць ад таго, якая канцэнтрацыя цэзія знаходзіцца ў глебе. Ёсьць мясьціны, дзе яго ня будзе праз 45 гадоў, а ёсьць мясьціны – на 200 год і болей. Таму што пэрыяд паўраспаду яго – 30 год. Там дзе 15 кюры – там будзе праз 30 год 7,5 кюры, яшчэ праз 30 – 3,7, яшчэ праз 30 – 1,8 і так далей. Там дзе 15 кюры – недзе на 100 гадоў".

Разьлікі, якія прывёў акадэмік Нікітчанка, прыблізныя. Менавіта такім прынцыпам карысталіся спэцыялісты да апошняга часу пры ацэнцы тэрмінаў ачышчэньня забруджаных сельскагаспадарчых земляў і прадуктаў. Аднак, як мы ўжо казалі, група з шасьці брытанскіх дасьледчыкаў прыйшла да высновы, што пэрыяд паўраспаду цэзію-137 у прадуктах можа быць больш доўгі, чымся лічылася.

Вось што заявіў у інтэрвію інфармацыйнай службе Радыё Свабода (NCA) кіраўнік групы дасьледчыкаў Брытанскага цэнтру экалёгіі й гідралёгіі Джэймс Сьміт.

(Сьміт: ) "Мы выявілі, што радыеактыўны цэзі ў прадуктах харчаваньня пасьля Чарнобыля распадаўся адносна павольна. Канцэнтрацыя цэзію-137 зьмяншалася першыя некалькі год пасьля аварыі, прыблізна ўдвая кожныя два гады. Аднак, у апошнія гады мы заўважылі, што распад запаволіўся настолькі, што радыеактыўнасьць зьмяншаецца толькі напалову за 10-15 год…Выглядае, што ў Беларусі назіраньні трэба будзе працягваць, мабыць, 50 гадоў і больш", – лічыць брытанскі навуковец Джэймс Сьміт.

А гэта азначае, што яшчэ паўстагодзьдзя ў пацярпелых раёнах Беларусі будзе небясьпечна зьбіраць грыбы, ягады, лавіць рыбу.
Нагадайма – і аб гэтым піша часопіс Naturе, што чарнобыльская катастрофа закранула ня толькі Беларусь, Украіну й Расею. Радыяцыйныя выкіды закранулі таксама краіны Цэнтральнае і Ўсходняе Эўропы, Скандынавію, а таксама Вялікую Брытанію.

Адразу пасьля аварыі абмежаваньні на сельскагаспадарчую дзейнасьць у Брытаніі закранулі 389 фэрмаў, на якіх пасьвіліся больш за 200 тысячаў авечак. Радыцыйнае забруджваньне закранула таксама папуляцыю нарвэскага ласося. Менавіта ў Вялікай Брытаніі й Нарвегіі праводзілі згаданыя дасьледаваньні брытанскія й галяндзкія навукоўцы. Але ж гэтыя краіны значна менш пацярпелі ад радыяцыі ў параўнаньні зь Беларусьсю й Украінай. Але ж спецыялісты раяць не здымаць абмежаваньні ў Вялікай Брытаніі і Нарвэгіі цягам насутпных 15 гадоў.

Што тычыцца Беларусі, дык паводле словаў акадэміка Нікітчанкі, беларускія навукоўцы ўжо даўно выпрацавалі рэкамэндацыі адносна магчымых шляхоў зьніжэньня ўтрыманьня радыяцыйнага цэзію ў сельскагаспадарчых прадуктах. Але ж гэтыя рэкамэндацыі, як і абмежаваньні ў выкарыстаньні забруджаных прадуктах, улады проста ігнаравалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG