Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 траўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 13 траўня)
Адміністрацыя менскае калёніі адмовіла Ўладзімеру Кудзінаву ў сустрэчы зь сьвятаром уніяцкае царквы. Сваякі Андрэя Клімава занепакоеныя ягоным здароўем, якое з часу заканчэньня судовага працэсу працягвае пагаршацца. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заклікаў беларускія ўлады паінфармаваць сусьветную грамадзкасьць пра вынікі пошукаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў Ганчара, Захаранкі й Красоўскага.

Пра чарговае парушэньне правоў дэпутата Вярхоўнага Савету Ўладзімера Кудзінава, які адбывае шасьцігадовае пакараньне ў менскай калёніі УЖ-15 1, паведаміла нашаму радыё жонка дэпутата Зоя Кудзінава.

(Кудзінава: ) "Яму адмовілі ў наведваньні сьвятара. Ён зьвяртаўся пісьмова да адміністрацыі, каб далі дазвол. Адміністрацыя сказала, хай гэты сьвятар прыедзе да начальніка, паразмаўляе з начальнікам і потым, у прысутнасьці каго-небудзь з апэратыўных работнікаў, яму дазволяць паразмаўляць. А да гэтага сьвятара два разы ўжо КГБ прыходзіла – адкуль ён ведае кудзінава, а чаго ён хоча яго навевдаць…Вось такія справы".

Зоя Кудзінава ўдакладніла, што сьвятар мусіў быў прыехаць зь Берасьця, гэта сьвятар уніяцкае царквы, да якой належыць і Ўладзімер Кудзінаў. "Муж проста хацеў зь ім сустрэцца, паразмаўляць, адвесьці, як кажуць, душу, але яму і ў гэтым адмаўляюць", – працягвае жонка дэпутата.

Яна, дарэчы, не ўпершыню згадвае факты ўціску на асобаў, якія гэтак ці йнакш былі зьвязаныя з Уладзімерам Кудзінавым. "У калёніі адміністрацыя перасьледавала тых, хто сябруе з Уладзімерам. Нават вызваленыя з калёніі асьцерагаюцца, што да іх будуць скарыстаныя рэпрэсіі, калі стане вядома пра іхныя кантакты з нашай сям'ёю", – кажа Зоя Кудзінава.

Між тым апошні прыклад яна лічыць самым ганебным: "Яны не супакояцца й будуць помсьціць Валодзе да апошняе гадзіны ягонага знаходжаньня ў турме, і нават пазьней". Гэтак лічыць жонка дэпутата Вярхоўнага Савету Зоя Кудзінава.

Ад Тацяны Клімавай прыйшлі нерадасныя зьвесткі пра тое, што стан здароўя Андрэя Клімава не паляпшаецца. Нагадаю, пад час працэсу ён быў зьбіты вартаўнікамі, потым трымаў галадоўку й гэта безумоўна адбілася на ягоным самаадчуваньні.

Больш за два месяцы таму скончыўся судовы працэс над Клімавым, цяпер яго не цягаюць штодня ў суд, не трымаюць па некалькі гадзінаў у задушным турэмным аўтамабілі, але здароўе дэпутата не паляпшаецца.

Тацяна Клімава кажа:

(Клімава: ) "Яму баліць сэрца, прычым увесь час, кожны дзень. Напэўна хвароба прагрэсуе, яна цяжка вылучваецца нават на волі. А там наогул".

– лічыць жонка Андрэя Клімава Тацяна.

На наступным тыдні яна будзе дамаўляцца пра сустрэчу з мужам і калі гэтая сустрэча адбудзецца, абяцае распавесьці нашаму радыё пра справы Андрэя Клімава.

Нагадаю таксама навіну, што тычыцца зьніклых беларускіх апазыцыянераў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага ды Юрыя Захаранку. На гэтым тыдні прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША спадар Баўчар выступіў з заяваю, у якой заклікаў улады Беларусі паведаміць, што робіцца для пошукаў Ганчара, Красоўскага й Захаранкі. Відаць што амэрыканскі бок не задавальняюць тыя дзяжурныя справаздачы, якімі адгаворваюцца беларускія улады – што пошукі вядуцца, але вынікаў няма.

Але беларускі бок працягвае адказваць у сваім стылі. Гэтак, заступнік міністра нутраных справаў Леанід Глухоўскі на прэсавай канфэрэнцыі ў мінулую сераду заявіў, што паводле ягоных дадзеных хутка лёс зьніклых беларускіх апазыцыянэраў стане вядомы. Аднак, на чым грунтуецца гэтая заява, заступнік міністра не патлумачыў.

Чакалася, што на гэтым тыдні прагучыць прысуд экс-прэм'еру Міхалу Чыгіру, але гэтага не адбылося. У сераду суд заслухаў апошняе слова Чыгіра й пайшоў раіцца наконт прысуду. Калі ён будзе абвешчаны, невядома. Гучалі меркаваньні, што ў пятніцу, але яны ня спраўдзіліся.

Учора я гутарыў на гэтую тэму зь Юліяй Чыгір, яна казала, што з суду аніякай інфармацыі яны не атрымоўвалі, аднак чуткі даносяць, што прысуд будзе абвешчаны ў будучую сераду. Толькі Чыгіры гэтым зьвесткам асабліва не давяраюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG