Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 траўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Адказныя супрацоўнікі Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледваньняў пры адміністрацыі Лукашэнкі ня ведаюць, калі ўлады абвясьцілі дзень рэфэрэндуму 14 траўня Днём дзяржаўных гербу й сьцягу. Прыпрэзыдэнцкія навукоўцы прызналіся ў гэтым на прэсавай канфэрэнцыі, якую яны праводзілі сёньня якраз з нагоды набліжэньня гэтага дня.

Гэтак званы Дзень дзяржаўных гербу й сьцягу зьявіўся ў лексыконе афіцыйнае прапаганды неўзабаве пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году, якім былі зьмененыя дзяржаўныя сымбалі Беларусі. І ў наступным годзе ўжо займеў ранг сьвяточнага.

Аднак сёньня на адмыслова скліканай прэсавай канфэрэнцыі з нагоды падзеяў пяцігадовае даўніны на пытаньне журналістаў, калі дата 14 траўня была абвешчаная Днём гербу й сьцягу, – загадчык аддзелу інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледваньняў пры адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандар Караткевіч сказаў літаральна наступнае: "Мы на такія дробязі не зьвяртаем увагі".

Натуральна, што пасьля такога шчырага адказу больш пытаньняў да спадара Караткевіча ў журналістаў не было, і яны скіравалі ўвагу на галоўнага вучонага сакратара ўжо згаданага інстытуту Льва Крыштаповіча. Ад яго журналісты хацелі пачуць канкрэтныя лічбы народнага волевыяўленьня ў кожным з чатырох вынесеных на рэфэрэндум пытаньняў.

Аднак высьветлілася, што й галоўны навуковы сакратар таксама не надае значэньня падобным рэчам. "Штосьці каля сямідзесяці адсоткаў "за" па ўсіх пытаньнях", – адказаў агулам спадар Крыштаповіч ды параіў дапытлівым журналістам самастойна знайсьці адказы.

Невялікі экскурс у дакумэнты пяцігадовае даўніны паказвае, што прыпрэзыдэнцкім навукоўцам нявыгодна даваць канкрэтныя адказы на канкрэтныя пытаньні, іначай тады іхныя тэзы пра ўсенародную падтрымку палітыкі Лукашэнкі разьбіваюцца простай статыстыкаю.

Вось лічбы ў пытаньнях рэфэрэндуму, якія датычылі зьмены нацыянальных сымбаляў ды адмены беларускае мовы ў якасьці адзінае дзяржаўнае. Паводле дадзеных камісіі ў забесьпячэньні адзінае палітыкі выкарыстаньня дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь пры Прэзідыюме Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, за зьмену нацыянальнага бел-чырвона-белага сьцягу ды гербу "Пагоня" на рэфэрэндуме 95-га году прагаласавала 40,7 адсоткі ад унесеных у сьпіс для галасаваньня. За наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнае выказаліся 47,5 адсоткі ад агульнае колькасьці выбаршчыкаў.

Абедзьве лічбы складаюць менш як палову. Вось чаму іх не скарыстоўвае ані афіцыйная навука, ані афіцыйная прапаганда. Зрэшты, у сёньняшніх беларускіх варунках гэтыя паняцьці супадаюць як у форме, гэтак і ў зьмесьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG