Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 траўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Дэлегацыя лукашэнкавага парлямэнту наведала чарговую канфэрэнцыю Міжпарлямэнцкага хаўрусу. Прадстаўнікі Вярхоўнага Савету лічаць гэтую арганізацыю ня вартай вялікае ўвагі.

Міжпарлямэнцкі хаўрус – арганізацыя, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў заканадаўчых ворганаў больш як 130 краінаў. Чарговая, 103-я канфэрэнцыя, праходзіла з 30 красавіка па 6 траўня ў сталіцы Іярданіі Амане. У ёй узяла ўдзел дэлегацыя з 11 чалавек гэтак званага Нацыянальнага сходу на чале са старшынём "Палаты прадстаўнікоў" Анатолям Малафеявым.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі спадар Малафееў паведаміў, што ў яго былі падрыхтаваныя тры варыянты выступу на выпадак рознага разьвіцьця падзеяў. Але паколькі прадстаўнікі беларускай апазыцыі на гэтай канфэрэнцыі не прысутнічалі, і ўвогуле беларуская тэма не гучала ў нэгатыўным кантэксьце, Малафееў у выніку зачытаў самы спакойны варыянт сваёй прамовы.

Чаму на гэты раз канфэрэнцыю МПС не наведалі прадстаўнікі Вярхоўнага Савету, тлумачыць заступнік старшыні легітымнага беларускага парлямэнту Анатоль Лябедзька…

(Лябедзька: ) "Па-перашае, у нас няма такіх сродкаў, каб фінансаваць такія далёкія ваяжы, па-другое, для нас быў вельмі важным візыт на запрашэньне Бундэстага на папярэднюю Бэрлінскую канфэрэнцыю МПС. Вось там мы ставілі мэту разьвеяць міф, пра які кажуць прадстаўнікі палаты, што, маўляў, іх прызнаюць усе парлямэнты сьвету. Група "11+", якая ўключае прадстаўнікоў больш за 30-ці эўрапейскіх краінаў і ЗША, Канады і Новай Зэляндыі, прыняла спэцыяльную рэзалюцыю, у якой выразна было сказана, што для іх легітымным зьяўляецца Вярхоўны Савет, што яны асуджаюць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі",

– паведаміў Анатоль Лябедзька.

Кіраўнік "Палаты прадстаўнікоў" Анатоль Малафееў распавёў, што беларуская дэлегацыя была ўшанаваная сустрэчаю з каралём Іярданіі. Малафееў асабліва адзначыў, што пад час канфэрэнцыі толькі чатыры дэлегацыі ўдастоіліся такога гонару – Кітаю, Індыі і Інданэзіі. За якія заслугі так пашэнціла беларускай дэлегацыі, Малафееў, праўда, не патлумачыў.

А вось як ацэньвае значэньне Міжпарлямэнцкага хаўрусу й вынікі дзейнасьці там беларускай афіцыйнае дэлегацыі Анатоль Лябедзька…

(Лябедзька: ) "Я хацеў бы яшчэ раз нагадаць, што існуе некалькі міжпарлямэнцкіх міжнародных структураў. Прыярытэтнымі зьяўляюцца Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы, Парялмэнцкая Асамблея НАТА. ШТо датычыць міжпарлямэнцкага саюза, дык гэтая арганізацыя стаіць асобна. Яе спэцыфіка ў тым, што яна ўключае ў сябе парлямэнты з усяго сьвету не залежна ад таго, якая гэта краіна – ці дэмакратыя, ці там таталітарызм. Там засядаюць парлямэнтары Фідэля Кастра, Садама Гусэйна. Таму ніякіх падставаў, каб не дапускаць туды прадстаўнікоў парлямэнту Лукашэнкі, у гэтай структуры няма. Адзінае патрабаваньне да краіны, каб яна своечасова плаціла складкі. Вось дэлегацыя Лукашэнкі своечасова плаціць узнос у Міжпарлямэнцкі Саюз. Тыя некалькі тысяч даляраў, якія патрацілі Малафееў і яго паплечнікі для паездкі на далёкі кантынэнт, лепш было б аддаць на чарнобыльцаў ці на тых жа ветэранаў. Я б сказаў, што гэта турызм для атачэньня Аляксандра Лукашэнкі",

– гэтак лічыць заступнік старшыні Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG