Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 траўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

"У параўнаньні зь мінулым годам становішча незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі значана пагоршылася, што асабліва бачна ў эканамічным пляне", – гэтая цытата ўзятая з аналітычнага дакумэнту пад назовам "Сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі", які днямі падрыхтаваны супрацоўнікамі Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі. Сёньня прадстаўнікі АБСЭ перадалі гэтыя матэрыялы афіцыйным беларускім уладам, грамадзкасьці краіны, а таксама накіравалі ў Вену, у штаб-кватэру АБСЭ.

У першым разьделе дакумэнту, дзе аналізуецца стан друкаваных выданьняў, сьцьвярджаецца, што "дзяржаўныя газэты зьяўляюцца манапалістамі ў галіне палітычнай інфармацыі. Насуперак афіцыйнае статыстыцы, якая, як і раней, цьвердзіць пра багаты ляндшафт сродкаў масавай інфармацыі, пэрыядычныя выданьні, што належаць дзяржаве, кантралююць ня менш за 80 адсоткаў беларускага рынку мас-мэдыяў".

Незалежныя выданьні, выдаткі якіх вышэй, чым у дзяржаўных, асабліва адчуваюць на сабе розьніцу ў падыходах з боку ўладаў. Расцэнкі на падпіску па пошце вельмі моцна адрозьніваюцца: да прыкладу, "Советская Белоруссия" на другі квартал каштуе 140 рублёў, а "Народная Воля" – 467.

У даведцы паведамляецца, што старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справах друку Міхал Падгайны не адмаўляе факту субсідаваньня дзяржаўных СМІ, але ён сьцьвярджае, што бальшыня незалежных мас-мэдыяў атрымліваюць дапамогу з-за мяжы.

Аналізуючы стан электронных СМІ, адмыслоўцы Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ канстатуюць наступнае: "Урадавая Дзяржаўная тэлерадыёкампанія валодае амаль абсалютнай манаполіяй на асьвятленьне нутраной палітыкі і, як усім вядома, распаўсюджвае толькі прапрэзыдэнцкі пункт гледжаньня. Іншадумства ня мае доступу ў эфір".

У адмысловым разьдзеле разглядаецца праўная сытуацыя з мас-мэдыямі. Зьвяртаецца ўвага на тое, што як Канстытуцыя 1994 году, гэтак і дзейны Асноўны закон на паперы гарантуюць свабоду СМІ. Беларусь падпісала й Хартыю правоў чалавека, і Канвэнцыю СНД пра правы чалавека і асноўныя свабоды. Тым ня менш, Законам "Аб друку ды іншых СМІ" ўсталяванае мноства абмежаваньняў для выдаўцоў, рэдактараў і журналістаў.

У разьдзеле, прысьвечаным адміністрацыйнаму перасьледу незалежных газэтаў, прыводзяцца наступныя лічбы: летась 52 пэрыядычныя выданьні атрымалі 76 папярэджаньняў. Прычым, ціск на незалежныя СМІ павялічваецца.

У кароткім лісьце, які падпісаў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ амбасадар Вік, і які суправаджае падрыхтаваны дакумэнт, адзначана, што канчатковы правал перамоваў паміж урадам і апазыцыяй адносна доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ зьяўляецца сур'ёзнай перашкодаю на шляху дэмакратычных пераўтварэньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG