Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 траўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Надзвычайнае здарэньне ў гішпанскай Барсэлёне перарвала знакамітую творчую дынастыю Галубкоў-Ціхановічаў. Там пры нявысьветленых абставінах загінуў праўнук рэпрэсаванага актора, драматурга й мастака Ўладзіслава Галубка – 24-гадовы мастак Янка Ціхановіч.

Студэнту аддзяленьня жывапісу выпала працягваць дынастыю Галубкоў-Ціхановічаў і род, які йдзе сваімі каранямі ў глыбіню беларускае гісторыі. Самы знакаміты з роду, прадзед Янкі, першы Народны артыст Беларусі Ўладзіслаў Галубок і сёньня застаецца культавай фігураю на творчым Алімпе. Дзед, Яўген Ціхановіч, старэйшына беларускага жывапісу й вядомы эксьлібрыст, узнагароджаны ордэнам "Гонар Айчыны". Для жывапіснага палотнішча "Бітва пад Воршаю" бацькі, Генрыха Ціхановіча, у Музэі гісторыі ўзьведзены адмысловы стэнд.

Творчасьць Янкі Ціхановіча павінна была стаць лягічным працягам сямейных традыцыяў. Так усё й пачыналася. У 94-м годзе Янка скончыў беларускую мастацкую вучэльню імя Глебава, пасьпяхова абараніўшы дыплём на тэму "Карона Вітаўта". Тады вядомы мастацтвазнаўца-крытык Сакалоў-Кубай, а таксама мастак Аляксей Марачкін падкрэсьлілі, што такую тэму мог падняць толькі сьвядомы беларускі мастак. Тады ж Янка паступіў у Акадэмію мастацтваў, дзе пасьпяхова вучыўся 3 гады. Браў удзел у выставах, якія ладзіліся суполкаю "Пагоня". Ягоныя работы адбіраліся для фондаў вучэльні і Акадэміі мастацтваў.

Але ў студзені 98-га Ціхановічу раптоўна выстаўляюць дзьве нездавальняючыя адзнакі па спэцыяльнасьці. А гэта значыць – аўтаматычна выключаюць з Акадэміі. У жніўні 98-га, пасьля канфлікту з кіраўніцтвам Акадэміі, ён разумее, што пэрспэктываў, акрамя службы ў войску, не застаецца, і зьяжджае ў Гішпанію.

З сабою Ціхановіч ня ўзяў нічога, акрамя фотавыяваў уласных працаў апошніх гадоў. На зьдзіўленьне, яго прынялі вельмі цёпла, і прафэсар Барсэлёнскай Акадэміі мастацтваў адразу ўзяў яго на трэці курс, адзначыўшы, што паводле узроўню майстэрства можна было б залічваць і на апошні. Веданьня толькі ангельскае мовы для Гішпаніі аказалася недастаткова. А адсутнасьць грамадзянства не дазволіла адразу ж працаўладкавацца рэстаўратарам у адзін са знакамітых музэяў.

Гаворыць бацька Янкі, вядомы беларускі мастак Генрых Ціхановіч…

(Ціхановіч: ) "У чым я магу сябе абвінаваціць, калі я жыў для гэтага хлопца, усё для яго рабіў, падтрымліваў маральна, матэрыяльна. Да апошняга даляру ўсё аддалі на ягоную адукацыю ў Барсэлёне. Яго абвінаваціць я не магу, бо яго пагубіла хвароба. Але ж нашая родная Акадэмія зрабіла свой уклад, і шлях на галгофу пачаўся з парога Акадэміі. Пакуль там працаваў на катэдры Алесь Марачкін, усё было нармальна – былі добрыя адзнакі, добрыя адносіны, усё ладзілася. І там выкладаў жывапіс маленькі такі, нязначны мастачок Кірэеў, маючы адукацыю "черчения и рисования сельской школы". Дык вось з гэтым Кірэевым у майго хлопца не склаліся неяк адносіны. Таго раздражняла нават тое, што Янка такі высокі, здаровы прыгажун. І тут яму сталі заніжаць рэзка адзнакі, і двойку гэты Кірэеў яму ўкаціў – але гэта яшчэ не сьмяротна. А горш было тады, калі яму тройку па кампазыцыі пераправілі на рэктарскім праглядзе на двойку. І рэктар Шаранговіч таксама ўзяў на душу грэх, пацьвердзіўшы гэтую двойку. І гэта ўжо быў шлях у Барсэлёну".

У лістах, якія ішлі ў Менск да бацькоў, Янка пісаў: "…Гэта ў вачох нашых выкладчыкаў я – "дрэнны" мастак, а тут, у краіне Далі й Гойі, мяне цэняць". У яго было шмат прыватных заказаў на партрэты ды пэйзажы. Менш чым за год вывучыў гішпанскую мову й моўнага бар'еру больш не йснавала. Справы йшлі ўгару, і ўжо сёлета ў сакавіку ён рыхтаваўся прыняць удзел у выставе.

Але паказ прыйшлося арганізаваць ужо безь яго. Янку Ціхановіча знайшлі за 5 кілямэтраў ад Барсэлёны пад аўтамабільным віядукам. Сымбалічна, што 21 сакавіка ён рыхтаваўся атрымаць від на жыхарства ад гішпанскіх уладаў. Замест гэтага менавіта 21 сакавіка бацькі атрымалі ўрну з прахам сына. Разам прыйшло мэдычнае заключэньне, дзе засьведчана: у 24-гадовага Янкі Ціхановіча была пухліна галаўнога мозгу.

Маці Янкі, Лілія Аляксандраўна, выкладчыца Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, спадзяецца, што некаторыя абставіны могуць высьветліцца пасьля таго, як з Гішпаніі прыйдуць уласныя рэчы сына – дзёньнікі, архіў, ліставаньне. Пакуль жа пытаньняў больш, чым адказаў.

Акрамя таго, маці ўскосна абвінавачвае тых выкладчыкаў беларускай Акадэміі мастацтваў, якія паспрыялі несправядліваму адлічэньню сына. Калі б ён працягваў вучыцца, пошук варыянтаў на Захадзе быў бы непатрэбны. Але тэндэнцыя такая, што бальшыня таленавітых людзей, патрыётаў усё часьцей вымушаныя шукаць прытулак недзе за мяжою.

Цяпер калегі й аднадумцы Янкі Ціхановіча маюць намер зарганізаваць выставу ягоных твораў у Менску. Чакаюць прыбыцьця ягоных працаў з Барсэлёны. Прынамсі, гішпанскія сябры Янкі абяцалі пераслаць іх у Менск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG