Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 траўня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Багатая скарбонка беларускае народнае творчасьці папоўнілася яшчэ адным рарытэтам – зборнікам сучасных твораў, якія прысьвечаныя першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь.

Творы і экспромты ў розных жанрах – такую літаратуразнаўчую характарыстыку падаюць зьмешчаным у зборніку тэкстам ўкладальнікі й выдаўцы. Паводле жанравага вызначэньня зборнік падзелены імі на шэсьць разьдзелаў. У першы ўключаныя ўсе вядомыя творы, якія прыпісваюцца Ведзьмаку Лысагорскаму, ці, дакладней, таму аўтару, які хаваецца за гэтым псэўдонімам.

У наступным, самым вялікім паводле аб'ёму, сабраныя творы, падпісаныя рознымі псэўдонімамі, а таксама народныя прыпеўкі, якім дадзены агульны назоў – "Сьмех над прорваю". Дарэчы, гэта адзін з самых па-народнаму таленавітых досьціпаў пра сучасную беларускую рэальнасьць. Гэтыя народныя жарты, як і заўсёды, пераўзыходзяць сваёю трапнасьцю аўтарскія творы, якія складаць наступны разьдзел кніжкі.

У яго ўвайшлі знакамітыя "Русские стишата» Славаміра Адамовіча, за якія, ці дакладней, за адзін зь якіх – "Убей президента" – паэт правёў дзесяць месяцаў у вязьніцы. Тут жа верш Пятра Макаля "Бойцеся лёкая", зьмешчаны ў 1994 годзе ў газэце "Літаратура і мастацтва". Факт сам па сабе цікавы, бо гэтая газэта ўжо даўно не дае падставаў жартаўнікам кшталту галоўнага рэдактара "Советской Белоруссии" Паўла Якубовіча казаць пра тое, што ўся беларуская апазыцыя – гэта сябры клюбу прыхільнікаў «ЛіМу». Знойдзе чытач у гэтым разьдзеле й тэкст папулярнае баляды Віктара Шалкевіча пра таварыша Сапегу, а таксама злабадзённыя вершы Ніла Гілевіча, Сяржука Сокалава, Сяргея Патаранскага ды іншых паэтаў.

«Дарагія жэншчыны» – так азагалоўлены разьдзел, які складзены з цытатаў некаторых публічных выступаў Аляксандра Лукашэнкі, а таксама пародыі на асобныя зь іх.

Тэксты парадыйных улётак ды анэкдоты ўтварылі наступны разьдзел. Праўда, прыхільнікі гэтага жанру будуць расчараваныя, бо ў народзе ходзіць непараўнальная большасьць з тым мізэрам, які патрапіў у кнігу, показак пра кіраўніка краіны.

Завяршае зборнік разьдзел неафіцыйнае біяграфіі гэроя выданьня.

Складальнікі й выдаўцы кнігі папярэджваюць у прадмове да яе, што ўсе матэр'ялы надрукаваныя бяз згоды й нават бязь ведама аўтараў. А таксама, – дадаюць яны, – і бязь ведама й згоды галоўнага пэрсанажу кнігі, якая, як яны сьцьвярджаюць, нарадзілася ў выніку інтэграцыі. Далей цытата з прадмовы да выданьня: "Пакуль нашыя славянскія інтэгратары шалеюць ад бязьсільля сваіх намаганьняў, славяне з Польшчы, Расеі і, вядома, Беларусі аб'ядналіся, каб захаваць для нашчадкаў гэты помнік эпохі – вобраз першага прэзыдэнта РБ – так, як убачыў яго народ беларускі. Тэксты, што патрапілі ў кніжку, вельмі розныя – і па жанры, і па мастацкім узроўні. Некаторыя напісаныя цьвёрдаю рукою майстра, іншыя – тыповыя прыклады гарадзкога фальклёру, часам хутчэй для плоту, чым для паперы… Але мы пастараліся амаль нічога не зьмяняць у творах, бо мэта нашая – не палітычная, а навуковая, зьбіральная – захаваць тое, што ёсьць і як ёсьць".

Ці станецца гэты аргумэнт складальнікаў ды выдаўцоў дастатковым для пільных спэцворганаўскіх літаратуразнаўцаў – будзе вядома ў самы бліжэйшы час, бо кніга ўжо распачала сваё трыюмфальнае шэсьце да чытачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG