Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 траўня 2000 г.


Марыя Усьціновіч, Магілеўская вобласьць

Сёньня ў Бабруйску прайшла дэманстрацыя працоўных. Гэта звычайная зьява для гэтага гораду, дзе, у адрозьненьне ад больш сьціплых мерапрыемстваў у абласным цэнтры, уладамі традыцыйна шырока сьвяткуюцца ўсе савецкія даты. Гэтак адбываецца не ў апошняю чаргу дзякуючы камуністычным перакананьням мэра Бабруйску. Праўда сёньня, у адрозьненьне ад Магілеву, дзе на першамайскім мітынгу было затрымана 13 актывістаў дэмакратычных арганізацыяў, у Бабруйску ўсё адбылося без умяшальніцтва міліцыянтаў.

Напярэдадні першага траўня горад быў упрыгожаны бел-чырвона-белымі сьцягамі і стужкамі, таму камунальным службам выпала шмат папрацаваць, каб выканаць загад Бабруйскіх уладаў зьнішчыць нацыянальную сымболіку. Але ўсё ж некаторыя з бел-чырвона-белых упрыгожаньняў на вуліцах засталіся.

Паводле паведамленьня кіраўніка Бабруйскага інфармацыйнага цэнтру Тацьцяны Копец прадстаўнікі мясцовай дэмакратычнай апазыцыі адзначылі сьвята працы ўручэньнем кіраўніцтву горада пакету эканамічных патрабаваньняў у выглядзе плякатаў: "Патрабуем мінімальны заробак у сто пяцьдзесят тысячаў рублёў", "Годнага чалавека мэдычнага абслугоўваньня", "Усясьветным Бабруйскім цэнам – усясьветны заробак", "Пэнсіянерам – годныя пэнсіі". І патрабаваньні па бабруйскіх праблемах – пуску тралейбусаў у шосты мікрараён, паліклінікі ў пятым мікрараёне, пуску і засяленьня мікрараёна "Заходні", асьвятленьне й асфальтаваньне прыватнага сэктару гораду.

З гэтымі плякатамі дэмакраты выйшлі на плошчу Леніна у складзе калёны, аддзяліліся й пайшлі да трыбуны, далі бабруйскаму кіраўніцтву час прачытаць патрабаваньні, павіншавалі са сьвятам працы й Вялікднем.

Потым Вячаслаў Свізуноў, дырэктар Бабруйскага рэгіянальнага інфармацыйна-прававога цэнтру сабраў плякаты і перадаў іх старшыні гарвыканкаму Ўладзімеру Раманоўскаму. Той іх спачатку ўзяў, а потым з сілай і злосьцю, як сьцвярджаюць сьведкі здарэньня, шпульнуў іх у галаву спадару Сьвізунову ды прычыніў яму траўму.

Але выканаўцы акцыі сыходзілі з плошчы пад аплядысмэнты прысутных, а вось кіраўніцтва гораду Бабруйску і міліцыянты засталіся ў разгубленасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG