Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юлія Чыгір у сваім выступе на судзе назвала працэс над былым прэм'ерам Міхалам Чыгіром "ганебным для ўлады". Абаронца адзначыла заказны характар працэсу і, тым ня менш, заклікала судзьдзяў апраўдаць Міхала Чыгіра.

Як патлумачыла жонка экс-прэм'ера Юлія Чыгір, яна першай з адвакатаў уступіла ў судовыя спрэчкі, паколькі ёй першай давялося аказваць адвакацкія паслугі мужу. Гэта было яшчэ на стадыі расьледваньня.

Юлія Чыгір узгадала, што яе дапусьцілі да абароны толькі праз два месяцы пасьля затрыманьня Чыгіра, а да таго часу яму фактычна адмаўлялі ў праве самастойна выбіраць сабе абаронцу й трымалі за кратамі без выстаўленьня абвінавачваньня.

Пералічыла Юлія Чыгір і іншыя фактары, якія, на ейную думку, таксама ілюструюць заказны й палітычны характар перасьледу мужа. Да такой высновы схіляе тое, што затрыманьню Чыгіра не папярэднічалі позвы зьявіцца ў пракуратуру; што справа супраць яго да арышту не была заведзеная; а галоўнае, што арышт адбыўся за дзень да рэгістрацыі Міхала Чыгіра ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах, зарганізаваных законным Вярхоўным Саветам. Таму працэс над Чыгіром яна лічыць працэсам над кандыдатам у прэзыдэнты, над праціўнікам сёньняшняга кіраўніка выканаўчае ўлады, чые паўнамоцтвы год таму скончыліся.

Яшчэ важкі аргумэнт Юліі Чыгір на карысьць сьцьвярджэньня пра палітычны матыў працэсу – тое, што ва ўсіх эпізодах справы, прааналізаваных на судзе, яна не ўбачыла ані задумы Чыгіра ўчыніць злачынствы, ані ўласна злачынных дзеяньняў. Як няма ў матэрыялах сьледзтва, на ейную думку, дакумэнтальных доказаў віны Чыгіра.

Дык навошта суд быў патрэбен? Юлія Чыгір перакананая, што "гэты спэктакаль пастаўлены, каб ухіліць Чыгіра з палітычнай арэны". "У 37-м годзе чалавека арыштавалі б і на загад "тройкі" расстралялі; цяпер адпраўляюць у турму па надуманаму абвінавачваньню", – заявіла суду й прысутным Юлія Чыгір. Завершыла яна свой выступ заяваю пра тое, што гэты працэс – ганьба для сёньняшніх беларускіх уладаў. Юлія Чыгір заклікала судзьдзяў да сумленнага й справядлівага рашэньня й нагадала ісьціну, што кожнага ў рэшце рэшт Бог будзе судзіць за ягоныя справы і ўчынкі.

Пасьля слова ўзяў адвакат Аляксандар Пыльчанка, які падрабязна й прафэсійна аналізаваў кожны з эпізодаў абвінавачваньня й даказваў суду, што Чыгір невінаваты. У першым эпізодзе, на думку адваката, няма складу злачынства, у другім – адсутнічае сувязь паміж дзеяньнямі экс-прэм'ера й наступствамі; у трэцім няма доказаў быццам бы злачыннае дзейнасьці Чыгіра, – рабіў высновы адвакат. Ягоная аргумэнтацыя ў астатніх эпізодах будзе агалошаная пазьней, бо на момант падрыхтоўкі гэтага рэпартажу Аляксандар Пыльчанка сваю прамову, якая доўжылася больш за дзьве гадзіны, яшчэ працягваў.

За Пыльчанкам слова атрымаюць грамадзкія абаронцы Барыс Гюнтар і Гары Паганяйла. Але ня выключана, што гэта адбудзецца ўжо на наступным тыдні, 2 траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG