Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 красавіка 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

Сёньняшні нумар уплывовай францускай газэты "Le Mond" выйшаў з артыкулам Наталі Нугайрэд "Апазыцыя пачынае спадзявацца, што Масква парве з рэжымам Лукашэнкі".

Як і раней, гадавіна чарнобыльскай аварыі дала магчымасьць апазыцыйным рэжыму Аляксандара Лукашэнкі сілам падлічыць колькасьць сваіх прыхільнікаў і вызначыць узровень агрэсыўнасьці сілаў правааховы. Сёлета 26 красавіка выглядала ня надта пагрозьліва: 10 тысячаў (паводле "Le Mond") маніхвэстантаў не сутыкнуліся з браніраванымі аўтамабілямі і не адчулі небясьпечнай пэрспэктывы быць груба арыштаванымі, як гэта было 25 сакавіка, калі апазыцыя адзначала гадавіну першага абвешчаньня незалежнасьці Беларусі ў 1918 годзе.

Колькасьць супрацоўнікаў міліцыі, якія стаялі ўздоўж маршруту калёны, была нязначная. Затое на бліжэйшых вуліцах стаялі шматлікія аўтобусы зь міліцыянтамі. Сёй-той хацеў бачыць у гэтым уяўным памякчэньні сытуацыі сувязь зь нядаўным візытам у Менск новага расейскага прэзыдэнта Владзіміра Пуціна. На думку сьведкаў, ягоныя адносіны з Аляксандарам Лукашэнкам не вызначаюцца вялікай цеплынёй. Незалежная беларуская прэса пісала, што побыт спадара Пуціна ў Менску, які прыпыніўся тут па дарозе ў Лёндан, доўжыўся ўсяго 6 гадзінаў, пад час якіх не было "наўмысных камплімэнтаў", характэрных для часоў кіраваньня Барыса Ельцына.

У часе паездкі Пуціна суправаджаў "дараднік у эканамічных пытаньнях" Гэрман Грэф. На прыканцы "трохгадзіннай гутаркі" Аляксандар Лукашэнка, вядомы прыхільнік плянавай эканомікі савецкага кшталту, паводле агенства БелТА, заявіў, "што ён выступае за існаваньне ў краіне розных хвормаў уласнасьці і лібэральнай эканомікі", якая, аднак, "ня мусіць разьвівацца бязладна". Ужо аднаго гэтага, – піша газэта "Le Mond", – было дастаткова, каб апазыцыя пачала спадзявацца, што "Пуцін парве з Лукашэнкам", які ад моманту абраньня на прэзыдэнта ў 1994 годзе, успрымаўся як інструмэнт расейскай палітыкі "ў блізкім замежжы", які скарыстаў сур'ёзную падтрымку ад кампаніі "Газпром" і прыйшоў да ўлады.

На думку аднаго старога чэскага іншадумцы, даўняга паплечніка цяперашняга прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла, "лепшай стратэгіяй для апазыцыі быў бы саюз з расейцамі супраць Лукашэнкі". Паводле ягоных словаў, Пуцін не хацеў бы ўскладняць сабе жыцьцё і займацца працэсам аб'яднаньня Расеі і Беларусі з такім непрадказальным і скандальным партнэрам, як Лукашэнка. У адпаведнасьці з гэтым сцэнаром беларуская апазыцыя магла б спадзявацца на захаваньне дастатковага сувэрэнітэту сваёй краіны ў новым саюзе. Гэткім чынам, Беларусь, заміж быць анэксаванай, пайшла б дарогай Фінлядыі – лічыць стары чэскі іншадумца, які, дарэчы, прыехаў у Менск, каб падтрымаць дэмакратаў у часе Чарнобыльскага Шляху.

Тэма "паўзучага аншлюсу" Расеі (якая мае 150 мільёнаў насельніцтва): у дачыненьні да Беларусі зь ейнымі 10-цю мільёнамі, актыўна і заклапочана абмяркоўваецца ў апазыцыйных колах Менску. Нядаўнае паведамленьне пра фармаваньне "аб'яднанага вайсковага кантынгенту" колькасьцю 300 тысячаў чалавек, які мусіць быць дыслякаваны на заходніх флянгах гэтага "саюзу", пацьвярджае думку, што дамовы, якія падпісваюць дзьве краіны цягам апошніх чатырох гадоў, ня ёсьць пустой балбатнёй.

Адзін з кіраўнікоў беларускай апазыцыі, кіраўнік Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўбачыў прыкмету станоўчага стаўленьня Масквы да крытыкі Лукашэнкі ў тым, што яго (Лябедзьку) запрасілі да ўдзелу ў вядомакй перадачы, якая трансьлюецца дзяржаўным расейскім каналам ОРТ, нягледзячы на тое, што пасол Беларусі неаднаразова патрабаваў ейнай забароны.

Між тым, беларуская апазыцыя (паводле "Le Mond") пакутуе на ўнутраныя рознагалосьсі. Місія АБСЭ ў Менску ўжо два гады прыкладае намаганьні каб пераадолець гэтыя рознагалосьсі і падштурхоўвае асноўных сяброў апазыцыі (такіх як Беларускі Народны Фронт, сацыял-дэмакраты і Аб'яднаная Грамадзянская партыя) да выпрацоўкі адзінай пазыцыі ў дачыненьні да парляманцкіх выбараў, якія пройдуць у кастрычніку сёлетак.

Але, у той час як эканамічны крызыс працягвае паглыбляцца, а насельніцтва краіны ўсё больш і больш набліжаецца да жабрачага стану (сярэдні заробак на Беларусі 30 даляраў у месяц) наўрад ці варта спадзявацца, што Лукашэнка пагодзіцца выпрабаваць сваю ўладу ў часе гэтых выбараў. Зьнікненьне цягам году чатырох апазыцыянэраў можна ўважаць за прыкмету росту жорсткасьці палітыкі ўладаў. Тым ня менш, ёсьць думка, што рэжым не такі ўжо ў маналітны. У прэзыдэнцкай адміністрацыі існуюць дзьве процілеглыя плыні. Прадстаўнікі аднэй выказваюцца за мінімум сустрэчных крокаў у бок аднаўленьня краіны і атрыманьня крэдытаў (гэтая тэндэнцыя існуе ў міністэрства замежных справаў). Прадстаўнікі іншай плыні у асобе кіраўніка Нацыянальнага Савету Бясьпекі, выступаюць за жорсткі рэпрэсыўны курс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG