Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Хаця гарадзеншчына лічыцца лепшай у сельскагаспадарчай галіне, шмат якія калгасы зь цяжкасьцяй ператрывалі першыя месяцы году. Колькасьць буйной рагатай жывёлы, напрыклад, скарацілася на 39 тысячаў. Каб палепшыць сваё становішча, калгасы мусяць усё часьцей зьвяртацца па дапамогу да простых сялянаў. Паведамленьне на гэтую тэму Сяргея Астраўцова…

Узімку калгасы раздавалі вяскоўцам сваё быдла, каб яны яго дакормлівалі, бо ў гаспадарках моцна не хапала кармоў. Цяпер – наадварот: калгас купляе ў сялянаў цяляткаў і бычкоў, бо самі ня здольныя аднавіць статку.

44 тысячы прыватных гаспадарак забавязаліся прадаць свой маладняк калгасам. Аплата такая: 5-6 кіляграмаў збожжа за 1 кілю жывой вагі. Гэта адэкватна 36 рублям. Так, напрыклад, у Наваградзкім раёне, дзе становішча асабліва цяжкае.

За першы квартал калгасы здалі жывёлы на мяса 30-35 працэнтаў ад дзяржаўнага заданьня. Усю жывёлу, якая была больш-менш выкармленая. "Гэта быў рывок ад безвыходнасьці," – зазначыў дзяржаўны інспэктар райсельгасхарчу Коршун.Вось чаму плян па малаку ўжо выканаць ня здолелі.

Вырашылі чым болей закупіць цялятаў у насельніцтва ў яшчэ адным раёне з кепскімі паказьнікамі – у Сьвіслацкім. Раённа ўлада запатрабавала ад старшыняў калгасаў – узмацніць кантроль за "ўкормленасьцю жывёлы" змарнелага пагалоўя. І актывізаваць закуп маладняка ў сялянскіх гаспадарках.

Праблема, аднак, у тым, што крэдыты на закуп прадукцыі ў насельніцтва калгасам ніхто не даваў. Грошы зь бюджэту, каб закупіць у сялянаў той жа маладняк, не прадугледжаныя.

А ў вяскоўцаў сёньня хапае сваіх праблемаў. Напрыклад, пасадзіць бульбу. Пакуль у калгасах ідзе сяўба, на трактар разьлічваць сэнсу няма. У Наваградзкім раёне і каня атрымаць цяжка. У калгасах не хапала сена, і шмат дзе коні паздыхалі.

Цяпер на вёсцы самы паважаны той гаспадар, які мае свайго каня. Да такіх зьвяртаецца ўся вёска. Пасадзіць сотку бульбы каштуе 500 рублёў. Садзяць, звычайна, мінімум 8-10 сотак. Каб дапамагчы сялянам, раней было вырашана стварыць пункты пракату сельгастэхнікі. Але гэтага так і не зрабілі.

Тэхнікі не хапае ў саміх калгасах. У Наваградзкім раёне старыя трактары, сеялкі, камбайны пачалі разьбіраць на запчасткі. Райвыканкам загадаў арганізацыям і прадпрыемствам гораду даць калгасам 50 сваіх трактараў і машын, каб правесьці сяўбу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG