Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Абраны 10 дзён таму намесьнікам старшыні Аб'яднанае Грамадзянскае партыі вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук пабываў днямі ў Маскве, дзе меў сустрэчу з Андрэем Іларыёнавым – дарадцам прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў галіне эканомікі. Пасьля сустрэчы ён прыйшоў да высновы, што беларуска-расейскія стасункі ў эканамічнай сфэры ў бліжэйшы час могуць карэнным чынам зьмяніцца. Што дае падставы для такое думкі?

Яраслаў Раманчук, акрамя сустрэчы з Андрэем Іларыёнавым, пабываў на прэзэнтацыі ідэялёгіі эўрапейскага рынку, якая адбылася ў Расейскім нацыянальным інстытуце прэсы, і на міжнароднай канфэрэнцыі з удзелам вядучых эканамістаў сьвету.

Шматлікія размовы, асабліва з супрацоўнікамі каманды Германа Грэфа, якія завяршаюць працу над эканамічным разьдзелам праграмы новага расейскага прэзыдэнта, далі спадару Раманчуку падставу для наступнае высновы – у Расеі пасьля інаўгурацыі Ўладзімера Пуціна рынкавыя рэформы выйдуць на ўзровень дзяржаўнай ідэялёгіі.

Маладыя навукоўцы з каманды Грэфа на абедзьвюх канфэрэнцыях увесь час падкрэсьлівалі – цывілізаваныя ідэялягічныя каштоўнасьці могуць стаць прыцягальнымі для бальшыні жыхароў Расейскае Фэдэрацыі толькі пры стабільнай і моцнай эканоміцы. Менавіта такую гаспадарку, з выкарыстаньнем лепшага міжнароднага досьведу (уключаючы, дарэчы, і досьвед Чылі за часам Піначэта) хочуць стварыць у Маскве.

"Што могуць азначаць такія кардынальныя зьмены для Беларусі?", – пытаюся я ў Яраслава Раманчука.

(Раманчук: ) "Расея ў сваёй краіне адмаўляецца ад бартэра, і таксама гэта будзе патрабаваньнем Гзпрому і РАО "ЕЭС России" у дачыньні да Беларусі. І калі цяпер 100 адсотак разьліку адбываецца ў натуральнай форме, дык паступова гэтае патрабаваньне будзе павялічвацца да 30, а пасьля і да 100 адсоткаў у грашовай форме. Другое, гэта форма грашовай сыстэмы, бо патрабаваньні Расеі вельмі жорскія – зрабіць інфляцыю ў Беларусі такой жа, як і ў Расеі, г.зн. цалкам зьмяніць палітыку нацыянальнага банку і адносіны паміж нацыянальным банкам і ўрадам. Таксама Расея зьбіраецца кардынальна рэфармаваць падаткавую сыстэму, і ўжо было сказана, што з 50 падаткаў застанецца 15, а потым – 5-6. Нядаўна ўрад Расеі прыняў пастанову, якая прысьвечаная антыдэмпінгавым санкцыям супраць краінаў, якія ўваходзяць у мытны саюз. Гэта значыць, што беларусы, якія хацелі выкарыстаць свабодную мяжу паміж Беларусьсю і Расеяй, яны гэтую свабодную мяжу не атрымаюць і будуць вымушаныя падпарадкавацца расейскім нормам зьнешнегандлёвай палітыкі".

(Карэспандэнт: ) "А наколькі адэкватна ацэньваюць у Маскве эканамічную сытуацыю ў Беларусі?"

(Раманчук: ) "Андрэй Іаарыёнаў у свой час, у 94-м годзе, быў дарадцам прэзыдэнта Лукашэнкі. Гэта факт, які ён мне паведаміў на нашым спатканьні, што мяне вельмі зьдзівіла. Справа ў тым, што ён думаў, што беларускі прэзыдэнт, тады вельмі малады і пэрпэктыўны, можа захацець правесьці пасьлядоўныя рынкавыя рэформы. Але ён хутка зразумеў, што ў Лукашэнкі былі іншыя пляны, і таму хутка адмовіўся ад гэтай пасады. Іларыёнаў вельмі добра ведае сытуацыю ў Беларусі, бо ён рэгулярна атрымлівае інфармацыю адсюль. Я пастаянна падтрымліваю зь ім кантакты, і ён, як ніхто іншы, добра разумее, якую палітыку праводзіць беларускі ўрад і якія яе пэрпэктывы. Таму трэба чакаць, што прэзыдэнт Пуцін праз Іларыёнава сфармуе сваё інфармацыйнае поле наконт Беларусі, і што думкі і палітыка новага прэзыдэнта Расеі будуць адрозьнівацца ад тых, якія праводзіў Ельцын".

Гэта быў намесьнік старшыні Аб'яднанае Грамадзянскае партыі, вядомы беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

На апошнім зьезьдзе АГП адным з прыярытэтаў міжнароднае палітыкі партыі вызначылі ўсталяваньне сталых кантактаў з дэмакратычнай Расеяй. Сустрэчы з дарадцам новага расейскага прэзыдэнта – першы крок у гэтым кірунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG