Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 красавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня сустаршыні маючага адбыцца Ўсебеларускага зьезду падпісалі Мэмарандум, у якім сфармуляваныя мэты зьезду.

У Мэмарандуме, які падпісалі сустаршыні аргкамітэту Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, Рыгор Барадулін, сьцьвярджаецца, што прыняцьце Акту Незалежнасьці – галоўная мэта плянуемага Ўсебеларускага зьезду. "Акт Незалежнасьці, – гаворыцца ў дакумэнце, – умацуе падмурак беларускае дзяржаўнасьці, закладзены Ўстаўнымі граматамі Рады БНР, Дэклярацыяй аб сувэрэнітэце й Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Спадзяёмся, што ён таксама стане дадатковым чыньнікам салідарызацыі ўсіх дэмакратычных грамадзкіх сілаў дзеля сумеснай працы на карысьць Бацькаўшчыны й паспрыяе аднаўленьню законнасьці".

Аўтары Мэмарандуму падкрэсьліваюць, што "ўсе крокі, скіраваныя на абмежаваньне ці скасаваньне сувэрэнітэту, павінны лічыцца незаконнымі й злачыннымі". Адначасова яны заяўляюць пра гатоўнасьць шукаць паразуменьні "з усімі, хто лічыць, што Беларусь павінна быць асобнай дэмакратычнай заможнай краінаю". Бо "толькі разам магчыма палепшыць нашае сёньня й дамагчыся шчасьлівага заўтра для нашчадкаў".

Дзеля гэтага сустаршыні Аргкамітэту заклікаюць суайчыньнікаў аб'яднацца вакол ідэі Ўсебеларускага зьезду.

10 дзён таму сябры аргкамітэту вызначылі дату правядзеньня першае сэсіі – 17-18 чэрвеня. У прынятым сёньня Мэмарандуме гаворыцца, што першая сэсія склікаецца "адмыслова дзеля прыняцьця Акту Незалежнасьці".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG