Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт забараніў арганізатарам "Чарнобыльскага Шляху" праводзіць 26 красавіка ў сталіцы шэсьце з нагоды 14-е гадавіны Чарнобыльскае катастрофы. Улады дазволілі толькі мітынг на пляцы Бангалёр. Але сябры аргкамітэту Шляху ня маюць намеру мяняць фармат акцыі.

Сёньня каля 30 асобаў, што паставілі свае подпісы пад заяваю на правядзеньне "Чарнобыльскага Шляху", былі запрошаныя на сустрэчу са старшынём сталічнага выканаўчага камітэту Міхалам Паўлавым. Кіраўнік выканаўчае вэртыкалі мусіў быў даць канчатковы адказ адносна заяўкі на правядзеньне 26 красавіка шэсьця ад пляцу Якуба Коласа да пляцу Незалежнасьці й мітынгу памяці ахвяраў Чарнобыля.

Арганізатары да апошняга моманту спадзяваліся, што ўлады дазволяць шэсьце. Аднак іхныя надзеі ня спраўдзіліся. Сустрэча заяўнікаў з кіраўніцтвам гарадзкое "вэртыкалі" цягнулася ўсяго 20 хвілінаў. Намесьнік спадара Паўлава Віктар Чыкін, які ўзяў слова першым, адразу ж заявіў, што ўлады ня могуць дазволіць праводзіць шэсьце па праспэкце Скарыны, бо гэта забаронена законам. Паводле словаў спадара Чыкіна, арганізатары "Чарнобыльскага Шляху" гэта добра ведалі й адмыслова прапанавалі гарадзкому выканаўчаму камітэту непрымальны маршрут, каб потым абвінаваціць ў падаўленьні дэмакратыі.

Пасьля гэтае заявы Чыкін адразу ж зрабіў выснову, што апызыцыі трэба адмовіць у правядзеньні маніфэстацыі. Усе аргумэнты сяброў аргкамітэту аб тым, што ўлады парушаюць свае ж законы, самавольна зьмяніўшы фармат акцыі, а таксама напамін пра тое, да якіх вынікаў прывяла забарона шэсьця 25 сакавіка, гарвыканкамаўскім начальствам пачутыя не былі.

Міхал Паўлаў зачытаў прысутным папярэдне падрыхтаванае рашэньне: 26 красавіка шэсьце забараніць і дазволіць правядзеньне мітынгу на пляцы Бангалёр з 18-ці гадзінаў. Пры гэтым Віктар Чыкін паведаміў заяўнікам, што рамонтавыя працы на Бангалёры ўжо скончаныя, і апазыцыянэрам там будзе ўтульна.

Паводле словаў сяброў аргкамітэту, далейшая дыскусія з кіраўніцтвам Менску была безсэнсоўнай, і яны пакінулі габінэт Паўлава. Арганізатары акцыі перакананыя, што рашэньне аб забароне дэманстрацыі было прынятае не ў гарадзкім выканаўчым камітэце, а ў больш высокіх інстанцыях, а сталічныя ўлады яго толькі агучылі.

Вось што думае на гэты конт сябра аргкамітэту Шляху Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) "Я так разумею, што ўлада – гэта адзін чалавек. Так ён можа і ня хоча канфрантацыі, але справа ў тым, што мала засталося спадару Лукашэнку, ну дык ён упіраецца. Людзі ня хочуць падстаўляцца і згубіць пасаду да таго, як яе згубіць Лукашэнка",

– лічыць спадар Івашкевіч.

Арганізатары "Чарнобыльскага Шляху" гавораць, што бойня, зарганізаваная сіламі Міністэрства нутраных справаў на Дзень Волі, і рэакцыя на гэтую падзею міжнароднае супольнасьці, нічаму не навучыла Аляксандра Лукашэнку, і ён чарговы раз наступае на тыя ж граблі.

Як арганізатары Шляху зьбіраюцца запабегнуць сілавому разьвіцьцю сытуацыі? Гаворыць намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Для таго, каб пазьбегнуць гэтых падзеяў, ёсьць толькі адзін правільны адказ – масаваць гэтай акцыі. Толькі масавасьць можа ўратаваць усіх яе ўдзельнікаў, як гэта было ў Польшчы, як гэта было ў іншых краінах. І рашучы настрой як лідэраў, так і ўдзельнікаў".

– паведаміў Вячаслаў Сіўчык.

Арганізатары "Чарнобыльскага Шляху" паведамілі, што акцыі 26 красавіка адбудзецца ў адпаведнасьці з ранейшымі плянамі й пачнецца а 18-й гадзіне на пляцы Якуба Коласа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG