Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Парлямэнтары Нямеччыны, Расеі і Чэхіі пацьвердзілі свой намер прысутнічаць у Менску пад час "Чарнобыльскага Шляху-2000". Адпаведныя перамовы вядуцца й з дэпутатамі некаторых іншых краінаў.

Першымі пра свой прыезд у Беларусь паведамілі сэнатары з Чэхіі Міхаэль Жантоўскі і Ян Румл. Ужо 24 красавіка яны прылятаюць у Менск. У Яна Румла правядзеньне чарнобыльскай акцыі выклікае асаблівую цікавасьць. Справа ў тым, што раней ён займаў пасаду міністра нутраных справаў Чэхіі і, адпаведна, мае пэўны досьвед наконт паводзінаў паліцыі пад час правядзеньня масавых акцыяў.

Міхаэль Жантоўскі яшчэ ня даўні час таму назад працаваў амбасадарам Чэхіі ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Цяпер ён узначальвае камітэт у замежных справах, абароне й бясьпецы Сэнату Чэхіі.

Нямеччыну на "Чарнобыльскім Шляху-2000" будуць прадстаўляць дзьве дэпутаткі Бундэстагу – Ута Цапф і Вальдраўнд Вольф. Спадарыня Цапф раней наведвала Беларусь некалькі разоў – у Бундэстагу яна зьяўляецца кіраўніцаю групы ў справах супрацоўніцтва зь беларускімі калегамі. У якасьці калегаў выступаюць дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, паколькі Бундэстаг прызнае адзіным легітымным заканадаўчым ворганам Беларусі Вярхоўны Савет.

На "Чарнобыльскім Шляху" маюць намер пабываць і некалькі дэпутатаў расейскае Дзяржаўнае думы. Першапачаткова плянаваўся прыезд Сяргея Юшанкова з Хаўрусу правых сілаў і Юлія Рыбакова зь "Яблока". Але літаральна сёньня сытуацыя зьмянілася. Жыхару Санкт-Пецярбурга Рыбакову спатрэбілася тэрмінова паехаць у родны горад, дзе праходзіць кампанія ў выбарах новага мэра. Хутчэй за ўсё, ня зможа наведаць Менск і Юшанкоў. Таму канчатковы склад расейскай дэлегацыі будзе вызначаны на наступным тыдні. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька, які курыруе сувязі з замежнымі калегамі.

Паводле Лябедзькі, зь вялікай доляй верагоднасьці можна казаць пра тое, што сярод думцаў будзе такая неардынарная фігура, як былы мэр Уладзівастоку Віктар Чарапкоў. Чарапкоў, як вядома, зьяўляецца сталым апанэнтам губэрнатара Прыморскага краю Яўгена Наздраценкі, а апошні неаднаразова заяўляў пра сваё асабістае сяброўства з Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька вядуцца перамовы наконт прыезду на "Чарнобыльскі Шлях-2000" і з парлямэнтарыямі Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG