Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

Пра сапраўдныя наступствы Чарнобыльскае катастрофы для здароўя беларусаў і спробы схаваць гэтую інфармацыю ў эксклюзыўным інтэрвію для нашага Радыё гаворыць Генадзь Грушавы.

(Грушавы: ) "Выкарыстоўваць гэтую праблему ў апошнія дзесяць год спрабавалі самыя розныя палітычныя сілы. Трэба не выкарыстоўваць гэтую праблему, трэба яе дакладна ўсьведамляць.

Праз чатырнаццаць год беларускі народ не аддаліўся ні на адзін крок ад тых трагічных наступстваў, якія мы перажывалі ў 86-м, 88-м, дзевяностых гадах.

Я дакладна ведаю, наколькі пагаршаецца здароўе людзей. Я дакладна ведаю, які ўзровень сьмяротнасьці ў рэгіёнах, дзе радыяцыя нават ад аднаго кюры – таго ўзроўня, які сёньня ўлады лічаць увогуле ня маючым ніякага дачыненьня да здароўя людзей.

Вось калі гэтае пытаньне разглядаць ня як палітычную кан'юнктуру, а калі займацца глыбока гэтым пытаньнем, як мы ім займаліся ў 1989-90 гадах, калі мы ўзьнялі велізарны грамадзкі рух, – вось тады відавочна, што людзі пачнуць зьвязваць сваё ўратаваньне, зьвязваць будучыню сваіх дзяцей якраз з рэформамі, са зьменамі кіраўніцтва, са зьменамі ў дзяржаўных структурах.

На жаль, сёньня ні адзін, ні другі бок па-сапраўднаму не разумеюць маштабы катастрофы. Але розьніца ў тым, што дзяржава, і, канкрэтна, кіраўнік гэтай дзяржавы, сёньня фактычна пазбаўляе мільёны людзей дапамогі, якая сапраўды патрэбная на дзяржаўным узроўні. Сам-насам не пераадолець гэтыя наступствы. Дык вось гэты кіраўнік пазбаўляе іх нават тых крышак, нават таго, што засталося шчэ ад закона, прынятага ў 1991 годзе ў справе сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад Чарнобыльскае катастрофы".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Генадзь, вы сказалі, што дакладна ведаеце, як пагаршаецца здароўе людзей, і вы дакладна ведаеце, што адбываецца на тых тэрыторыях. Я б хацела, каб вы канкрэтызавалі, і пасьля ў зьвязку пытаньне: а ці магчыма атрымаць дакладныя зьвесткі ў гэтай справе ў Беларусі і як, якім чынам?"

(Грушавы: ) "Канкрэтызую: на 30 % зьменшылася працягласьць жыцьця тых людзей, што сёньня жывуць у чарнобыльскіх рэгіёнах. На трэць!

Сёньня ў Чарнобыльскіх рэгіёнах, найперш у Гомельскай вобласці, каля 92 % дзяцей – хворыя. Сёньня ў Гомельскай вобласьці ідзе павелічэньне ў тры разы захворваньняў крыві – і гэта праз 14 год пасьля трагедыі. Сёньня ў два з паловай разы павялічылася – і гэтая лічба таксама расьце! – колькасьць народжаных з рознымі формамі парушэньняў. Гэта тое, што дакладна ведаюць і аб чым гавораць у першую чаргу тыя лекары, якія займаюцца гэтымі хворымі дзецьмі ў Нараўлянскім, Брагінскім, Чачэрскім, Веткаўскім раёнах.

А што датычыць магчымасьці мець поўную і адпаведную навуковую інфармацыю, то ўжо з 1997 года прэзыдэнт забараніў штогоднія справаздачы Акадэміі навук і ўсіх адпаведных навуковых інстытутаў, якія вядуць чарнобыльскія дасьледаваньні. Апошняе выданьне было ў 1997 годзе. З 1997 года забароненыя ўсе формы распаўсюджваньня гэтай навуковай інфармацыі сярод насельніцтва. Тэле- і радыёмарафоны, спэцыяльныя праграмы на радыё забароненыя, зьнішчаныя спецыяльныя рубрыкі ў выданьнях грамадзка-палітычнага кшталту. Толькі ў вузканавуковых знаходзяцца артыкулы, прысьвечаныя Чарнобылю.

І апошняе: калі мы паспрабавалі два дні таму правесьці разам з прафэсарам Нікітчанкам правесьці навуковую сэсію і запрасілі з выступамі прадстаўнікоў розных навуковых інстытутаў Акадэміі Навук, яны спачатку пагадзіліся прыйсьці, а потым амаль усе адмовіліся. Забарона. Сёньня без асабістага дазволу спадара Кеніка, а можа, нават, і спадара Шэймана выдаваць такую навуковую інфармацыю – ня ў сэнсе нейкіх сакрэтаў дзяржавы, а ў сэнсе праўды, якая здольная адчыніць вочы зноў-такі грамадзтву – нельга.

Мы праводзілі чатыры месяцы таму выбарачнае апытаньне людзей, якія жывуць у Гомельскай, Магілёўскай вобласьці. 72 % апытаных ставяць на першае месца свой страх за здароўе дзяцей. Вось вам і сытуацыя вакол Чарнобыля.

І таму сёньня ідзе такая наўмысная палітыка засакрэчваньня – тая самая, што была ў Савецкім Саюзе ў 1986-87 гадах. Мы, фактычна, на дзяржаўным узроўні вярнуліся ў тыя самыя часы. І тое самае стаўленьне – каб там жылі людзі, туды накіроўваюць маладых спэцыялістаў. Усё гэта шляхі, па якіх радыяцыя і сёньня дасягае любога кутка Беларусі. Таму Чарнобыльская трагедыя застаецца і сёньня агульнанцыянальнай трагедыяй".

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG