Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

У Віцебску сёньня адбываюцца адразу тры акцыі, прысьвечаныя чатырнаццатым угодкам Чарнобыльскай трагедыі.

Толькі што скончыўся пікет суполкі Кастрычніцкага раёну гораду "Кастусь Каліноўскі" Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Яго замовілі Пётр Сарапеня і Ян Таўпыга. Спачатку яны разьлічвалі правесьці мерапрыемства а 15-й гадзіне на рагу шматлюдных вуліц Смаленскай і Фрунзэ, але ўлады перанесьлі месца акцыі ў вызначаны гарвыканкамам сквер каля пляца Леніна.

Пікет пачаўся са спазьненьнем, бо машыну пікетоўцаў затрымалі амаль на паўгадзіны супрацоўнікі ДАІ. У ім прынялі ўдзел тры чалавекі: Пятро Сарапеня, Валеры Апокін і Барыс Хамайда. Каля плякату з вачыма дзіцяці і надпісам: "Што Вы, дарослыя, пакінеце нам у спадчыну" і плякату "У Беларусі дзьве бяды: Чарнобыль і лукашэнкаўскі рэжым" стаяў чалавек у дранай ватоўцы і вушанцы з савецкай зоркай, з кішэні ў яго тырчэла бутэлька самагону, а на каўнеры прыляпіўся дзяржаўны сьцяжок. У руках ён трымаў плякат, які вельмі прывабліваў мінакоў: "Я за саюз з Расеяй". Міліцыянты абыякава глядзелі на гэтае відовішча. Пікетоўшчыкі распаўсюджвалі улёткі-звароты і зьбіралі подпісы супраць аншлюсу.

А 18-й гадзіне спадары Сарапеня і Апокін ўліліся ў шэрагі ўдзельнікаў мітынгу, прысьвечанаму Дню Памяці чарнобыльскай трагедыі, які пачаўся на пляцы Леніна прамовай галоўнага яго арганізатара старшыні грамадзкага аб'яднаньня "Чарнобыль — дапамога" Анатоля Гнеўкі і хвілінай смутку па двухсот пяцідзесяці удзельнікам ліквідацыі аварыі на ЧАЭС, якія заўчасна памёрлі за гэтыя чатырнаццаць год у Віцебскай вобласьці.

А 18-й жа гадзіне пачалася несанкцыянаваная "Хвіліна смутку" ля абласной бібліятэкі, якую праводзяць чальцы гарадзкой суполкі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі.

Падрабязнасьці пра гэтыя марапрыемствы - ў наступным выпуску.
Чаму быццам бы ў самым чыстым ад радыяцыйнага забруджаньня Віцебску такая ўвага да дню ўсебеларускай трагедыі?

Да 1986 года, па сведчаньню галоўнага ўрача супрацьвальлёвага дыспансэра спадара Антонычава, выпадкаў раку шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў на Віцебшчыне ня было, а, напрыклад, у 1996 годзе — такіх выпадкаў ужо 7. У 1998 годзе па вобласьці выяўлена 170 выпадкаў вузлавога вальля на 100 тысячаў насельніцтва. Да параўнаньня, па рэспубліцы ў сярэднім — 110, а ў найбольш забруджанай Гомельскай вобласьці — 166. Зараз на Віцебшчыне на кожныя сто тысячаў дзетак і падлеткаў у 13.6-х — анказахворваньні. Як падкрэсьліў дырэктар Віцебскага філіяла навукова-дасьледчага клінічнага інстытута радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналёгіі Сяргей Панько, знадворнае ўзьдзеяньне радыяцыі не дае той шкоды, як унутранае (напрыклад, спажываньне малака кароў, якіх у траўні 86-га выганялі на забруджаныя палеткі).

Дадам, што звычайнай практыкай у першы пэрыяд пасьля Чарнобыля зьяўляўся абмен сяльгаспрадукцыяй: для забруджаных раёнаў зь Віцебшчыны накіроўвалі "чыстае" мяса, малако, зерне, а адтуль завозілі не зусім чыстае. Але самымі, напэўна, жахлівымі хваробамі, якія звязваюць з наступствамі Чарнобыля, ёсьць гепатыты В і С. Іхнія вірусы называюць "ласкавымі забойцамі" і параўноўваюць са СНІДам. Ахвярамі часта становяцца мужчыны саракагадовага ўзросту, якія паміраюць ад раку і цырозу печані. У вобласьці летась па гэтых прычынах загінула 86 чалавек.

Ведаючы гэтыя жудасныя факты й лічбы, ці могуць месьцічы быць убаку?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG