Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 красавіка 2000 г.


Сяргей Навумчык

Асноўная палітычная навіна для Беларусі сёньня прыйшла з Масквы – новаабраны Прэзыдэнт Пуцін абверг заявы Лукашэнкі пра стварэньне беларуска-расейскае 300-тысячнае вайсковае групоўкі. Упершыню пра яе стварэньне нелегітымны прэзыдэнт Беларусі заявіў на мінулым тыдні ў выступе перад нелегітымным парлямэнтам. Пасьля сустрэчы з Пуціным у мінулую нядзелю Лукашэнка зноў пацьвердзіў пляны стварэньна антынатаўскага кулаку. Сёньня Пуцін даў зразумець, хто зьяўляецца лідэрам у дачыненьнях паміж афіцыйным Менскам і Масквой. Па камэнтар да сёньняшняй падзеі мы зьвярнуліся да экс-спікера беларускага парлямэнту, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, які цяпер на запрашэньне амэрыканскіх палітолягаў знаходзіцца ў ЗША. На сувязі – Вагшынгтон.

(Шушкевіч: ) "Вы ведаеце, мне цалкам зразумела, што адбываецца – адбываецца вялікі крызыс. Чалавек, які ня мае ніякай прыстойнай адукацыі, ня мае разуменьня таго, што такое дзяржава, што такое дабрабыт людзей, – ён можа ісьці толькі тымі захадамі, якія былі ў савецкі час. І маючы адукацыю палітрука, ён можа толькі заклікаць – пойдзем змагацца з тымі, хто нам пагражае. Хоць нам ніхто не пагражае.

Я думаю, што гэта проста паказвае, што крызыс. У эканоміцы ён нічога не разумее, а трэба там выпраўляць сытуацыю, і пры гэтым, паказаць сваё неразуменьне вельмі лёгка, і таму ён спадзяваўся, што калі Пуцін прыйшоў да ўлады ў Расеі, ён падтрымае яго такое пачынаньне. Але Пуцін мае нармальную адукацыю і ніколі ня пойдзе на такія захады. І таму ён Лукашэнку паставіў на тое месца, на якім яму належыць быць:калі табе нехта будзе пагражаць, мы табе дапаможам. Лягічны і просты адказ. А паколькі табе ніхто не пагражае, дык прабач, мы не разумеем, пра што ты гаворыш. Гэта называецца, вярнуць на сваё месца чалавека, які пляце бязглузіцу".

(Навумчык: ) "Станіслаў Станіслававіч, давайце пагаворым пра матывацыі з боку Пуціна. І Беларусь, і Расея залежаць ад заходніх інвэстыцыяў, і калі Лукашэнку пасьля дэманстрацыйных брутальных паводзінаў у дачыненьні да палітычных апанэнтаў крэдытаў, як кажуць, ня сьвеціць, дык у Пуціна, нягледзячы на вельмі няпростую для яго сытуацыю ў Чачні, шанцы на інвэстыцыі застаюцца. І вось у гэтым кантэксьце паводзіны Пуціна – гэта імкненьне асадзіць ня надта стрыманага менскага калегу, каб той раней часу не казаў іншага, ці сапраўды нічога такога падобнага, ніякага сумеснага антынатаўскага кулака Масква на мэце ня мае?"

(Шушкевіч: ) "Я гляджу на гэта крышку інакш, чым Вы. Мне здаецца, што, як заўважылі ўсе расейскія газэты, калі Пуцін прыехаў у Менск, то ён паказаў, што ёсьць Расея, ёсьць расейскі прэзыдэнт, і што калі нехта хацеў абняць-расцалаваць яго, як раней Чарнамырдзіна, гэтага ўжо ня будзе, і што гэтыя прымітыўныя калгасна-саўгасныя захады не працуюць у дачыненьні да кіраўніка вялікай дзяржавы, законна абранага. І акрамя таго, ён паказаў, што ён законна абраны прэзыдэнт у адрозьненьне ад нейкага тут незаконнага. Я лічу, што ён проста паказаў веліч Расеі ў параўнаньні зь нелігітымным беларускім кіраўніком дзяржавы. Ён ня можа рэзка зьмяніць гэтую сытуацыю, але накірунак тут зразумелы.

Цяпер другое. Мне здаецца, што ўсё ж Пуцін – чалавек, які будзе шукаць для Расеі дастойны шлях. Дай Бог, каб гэты шлях быў шляхам дэмакратыі, правоў чалавека. Тады і Беларусі будзе добра, і будуць лягічна разьвівацца нашыя адносіны".

(Навумчык: ) "Вы цяпер знаходзіцеся ў Вашынгтоне, Вы ўдзельнічалі ў слуханьнях беларускага пытаньня ў Кангрэсе, вы фактычна кожны дзень сутыкаецеся з амэрыканскімі палітыкамі і палітолягамі. Скажыце, ці мела нейкі рэзананс гэтая заява Лукашэнкі пра групіроўку войскаў?"

(Шушкевіч: ) "Я бачу тут вялікую зацікаўленасьць у тым, каб расшыфраваць, каб падыйсьці да таго, што будзе рабіць Пуцін у Расеі. І, я б сказаў, Захад вялікія надзеі ўскладае на яго асабістыя дзеяньні, на яго стаўленьне да Думы, на яго стаўленьне да новай праграмы расейскай. А такой праграмы няма. І пакуль абнадзейваючымі зьяўляюцца два фактары – у Расею запрошаныя для распрацоўкі праграмы людзі высокасьвядомыя, высокаадукаваныя і людзі лібэральных, рынкавых перакананьняў. У гэтым тут сумненьняў няма.

І вельмі спачатку зьдзівіла заява беларускга дыктатара аб тым, што будзе ўтвораная 300-тысячная групоўка войскаў, і гэта выдавалася як тое, што ўзгодненае з Пуціным. Ну а пасьля ўсё стала на месца – гэта чарговы выбрык, маўляў, мы яго не зразумелі. І цяпер тут няма, мне здаецца, ніякай рэакцыі на гэта…"

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG