Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 красавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Менскі міжгарнізонны суд перагледзеў сваё ж рашэньне й не задаволіў пазоў вайсковага лётчыка Паўла Ганчарыка супраць міністра абароны Аляксандра Чумакова, які адмовіўся звольніць лётчыка з войску. Маёр Ганчарык зьбіраецца абскарджваць гэтае рашэньне. Былы міністар абароны Павал Казлоўскі, камэнтуючы гэты выпадак, заяўляе пра фактычнае існаваньне прыгоннага права ў беларускім войску.

На міністра абароны Аляксандра Чумакова падаў у суд маёр Павал Ганчарык, які служыць у адной зь лётных частак пад Менскам. Міністар Чумакоў адмовіўся падпісаць рапарт афіцэра аб звальненьні на ўласнае жаданьне.

На судзе лётчык даказваў, што ён губляе лётную кваліфікацыю з прычыны недастатковае лётнае практыкі й таму жадае звольніцца, пакуль малады й пакуль яго яшчэ возьмуць у грамадзянскую авіяцыю. Маёр спасылаўся на тое, што зь ім так і ня быў заключаны кантракт, што прадугледжана пастановаю ўраду Беларусі ад 1993 году.

Цікава, што першае рашэньне суду было на карысьць Паўла Ганчарыка. Міжгарнізонны судзьдзя Пётар Арлоў пагадзіўся з аргумэнтамі Ганчарыка, які спасылаўся на Канстытуцыю, што забараняе прымусовую працу. Міністэрства абароны мусіла задаволіць рапарт лётчыка.

Але міністар Чумакоў пайшоў іншым шляхам. Была пададзеная касацыйная скарга ў вышэйшы суд, які вярнуў справу ў міжгарнізонны суд з загадам "перагледзець".

Перагляд адбыўся ўчора, вёў паседжаньне ўжо іншы судзьдзя – маёр Кандрацьеў. У выніку маёру Ганчарыку ў задавальненні зыску адмоўлена, прапанавана служыць далей і не марыць аб звальненьні яшчэ 15 гадоў, пакуль не дасягне пэнсійнага веку.

Тое, што ня быў заключаны кантракт, суд не ўлічыў. Абвешчана, што за гэта міністар Чумакоў адказнасьці не нясе. Адкуль такая недатыкальнасць? Маёр Ганчарык мяркуе: "Таму што міністар – вялікая фігура для нашых судзьдзяў, ён ім заробак плоціць, званьні прысвойвае, як яны могут пайсьці супраць свайго міністра?!", – задае рытарычнае пытанье Павал Ганчарык.

Ён заяўляе, што будзе дамагацца перагляду гэтага рашэньня, бо лічыць яго і незаконным, і безсэнсоўным. "Мая вайсковая пасада – камандзір паветранага карабля. Але пры ўсяго 20 гадзінах лётнае практыцы за год мяне ня тое што да кіраўніцтва самалётам нельга дапускаць, увогуле – падпускаць да штурвала", – шчыра кажа маёр.

Паводле ягоных словаў, у падобным становішчы сотні вайсковых лётчыкаў Беларусі. Дзяржава ня можа забясьпечыць ім нармальныя ўмовы для падтрыманьня лётнае кваліфікацыі, але й не адпускае з войску.

На думку Паўла Ганчарыка, менавіта засьцярогаю, што ягоны прыклад пераймуць іншыя афіцэры, і тлумачыцца рашэньне міністра й суду.

Між тым, маёр упэўнены, што прымусовым утрыманьнем афіцэраў усё роўна авіяцыю (і ўвогуле войска) не ўратуеш. "Першае, што мне прапанаваў камандуючы пад час размовы – гэта звольніцца паводле службовае неадпаведнасьці. Гэта значыць, я сам мушу забясьпечыць сабе ня менш як дзесяць парушэньняў. Не прыйсьці на службу, ці прыйсьці нападпітку й гэтак далей. Тады мяне звольняць, але ўжо з такой характарыстыкай, зь якой ня возьмуць потым на добрую цывільную працу. Я ісьці такім ганебным шляхам не хачу й зьбіраюся далей змагацца за свае грамадзянскія правы", – заяўляе маёр Павал Ганчарык.

Ягоную гісторыю добра ведае былы міністар абароны Павал Казлоўскі, які дарэчы, у 1993–м годзе падпісваў загад аб пераводзе ўсіх афіцэраў на кантракт, але гэты загад да канца ня быў выкананы, паколькі ягонага аўтара Аляксандар Лукашэнка неўзабаве пасьля прыходу да ўлады зьняў з пасады міністра.

Павал Казлоўскі гэтак пракамэнтаваў сёньняшняе кадравае становішча ў войску.

(Казлоўскі: ) "Армія сёньня знаходзіцца ў стагнацыі, армія разбураецца, армія знаходзіцца ў небаягатовым стане, лётчык не лятае, кантракт, які дзяржава падпісвае зь лётчыкам, патрабуе многага, але не дае яму нічога, ні зарплаты, ні кватэры, ні пэнсіі, на якую ён мог бы пражыць. Калі стваралі закон па абаронным будаўніцтве, у яго была закладзеная добрая дэмакратычная мера аб тым, што афіцэр мае права звольніцца з узброеных сілаў, калі ён ня бачыць пэрпэктывы ў службе або яго чымсьці не задавальняе служба. Сёньня – прыгоннае права. Сілай спрабуюць утрымаць афіцэра ў страі. Утрымаць афіцэра можна, калі ён будзе забясьпечаны, яшчэ раз падкрэсьліваю, сваім заробкам, павагай да яго з боку дзяржавы, калі яму будуць даваць займацца яго справай, ваеннай справай, даваць яму лётаць. А сёньня ў войску не хапае чатыры з паловай тысячы афіцэраў".

Гэта быў былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі, які камэнтаваў сытуацыю ў беларускім войску на прыкладзе гісторыі лётчыка Паўла Ганчарыка, якога не адпускаюць з войску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG