Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Учора быў вызначаны тэрмін правядзеньня Ўсебеларускага зьезду. Аргкамітэт вырашыў, што першая сэсія зьезду павінна адбыцца 17-18 чэрвеня, другая – увосень.

Паседжаньне аргкамітэту Ўсебеларускага зьезду адбылося ўвечары ў нядзелю. Вынікам амаль трохгадзінных спрэчак стала зацьверджаньне даты першае сесіі зьезду. Яна адбудзецца 17-18 чэрвеня. Дакумэнты зьезду плянуецца прыняць больш прадстаўнічым складам дэлегатаў на другой сэсіі, якую мяркуецца правесьці ўвосень.

Сябры аргкамітэту лічаць, што ў выніку такога рашэньня ўладам будзе цяжка перахапіць ініцыятыву, хоць такая спроба ўжо зробленая заяваю Аляксандра Лукашэнкі пра намер правесьці гэтак званы "Народны сход", дэлегаты якога павінны прыняць патрэбныя ўладзе рашэньні.

Сустаршыня аргкамітэту Ўсебеларускага зьезду Генадзь Бураўкін расцэньвае вынікі паседжаньня як станоўчыя:

(Бураўкін: ) "Што вырашыў аргкамітэт? Ён вырашыў, можа быць, самае галоўнае – тое, што зьезд адцягваць нельга, нельга зацягваць яго падрыхтоўку, зьезд трэба правесьці ў бліжэйшы час, таму што небясьпека для сувэрэнітэту, на жаль, насоўваецца як тая чорная хмара вельмі і вельмі хутка".

Спадар Бураўкін не выключае, што ўлады будуць супрацьдзейнічаць правядзеньню Ўсебеларускага зьезду:

(Бураўкін: ) "Усяляк будзе ўскладняцца праца рабочых органаў зьезда, усяляк будуць спрабаваць скраціць прадстаўніцтва, не выключаю, што будуць акцыі напрамую накіраваныя супраць работы зьезда і, відаць, знойдуць тут ледзь не падпольныя арганізацыі, і ў кожным з тых, хто захоча браць удзел у рабоце зьезда, будуць шукаць нейкага агента, хаця ўсё гэта – адзіныя агенты, агенты вольнай, свабоднай, сувэрэннай Беларусі".

Першай праяваю супрацьдзеяньня зьяўляецца тое, што адмністрацыя менскага гатэлю "Сьвіслач" нечакана адмовіла ў арэндзе памяшканьня, хаця працоўная група аргкамітэту Ўсебеларускага зьезду ўжо ўнесла арэндавую плату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG