Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 красавіка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

А 15-й гадзіне ў нядзелю ў Віцебску старшыня адной з раённых суполак Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Пётар Сарапеня правёў пікетаваньне супраць саюзу паміж Беларусьсю і Расеяй і прыезду ў Менск прэзыдэнта Расейскай Федэрацыі Владзіміра Пуціна. Акцыя была несанкцыянаваная.

"Мы даведаліся пра візыт Пуціна менш чым за пятнаццаць дзён ад падзеі, – сказаў спадар Сарапеня, – і ня мелі магчымасьці выканаць неразумны беларускі закон. На нашую з сябрам БСДП (Народная грамада) Алесем Корбутам заяву атрымалі адмову. Але я асабіста хачу, каб людзі ведалі, што далёка ня ўсе ў Беларусі падзяляюць памкненьні Лукашэнкі да аншлюсу і падтрымліваюць чалавека, які стаў прэзідэнтам Расеі дзякуючы крыві жаўнераў і грамадзянскага насельніцтва".

"Беларусы не жадаюць мець на сваёй зямлі другую Чачню", – падкрэсьліў Пётар Сарапеня.

Ён выйшаў на цэнтральны ў горадзе пляц Волі з плякатам, на якім былі чырвоная кветачка і кроплі сапраўднае крыві. Зацікаўленым тлумачыў сваю пазіцыю. Звычайна ў гэтым месцы шмат людзей у блакітным камуфляжы, і несанкцыянаваныя акцыі больш за некалькі хвілінаў не працягваюцца. Але ўчора за паўгадзіны пікету не было бачна ніводнага міліцыянта, і ўсё скончылася спакойна. "Напэўна, усе зьехалі ў Менск на сустрэчу Пуціна", – пракамэнтавалі незвычайную падзею тыя, хто сабраўся каля пікетоўшчыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG